Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня новага пісьменьніцкага саюзу Мікалай Чаргінец: “Я быў выхаваны ва ўмовах рускамоўя, я ніколі сябе не лічыў беларусам”


Валер Каліноўскі, Менск Мікалай Чаргінец, які да апошняга часу быў кіраўніком Літаратурнага фонду, заявіў пра свой выхад з гэтай арганізацыі. Спадар Чаргінец зазначыў, што не пойдзе на заўтрашні сход гэтага аб’яднаньня, якое перажывае крызыс. Свае інтарэсы ён зьвязвае зь нядаўна створаным праўладным Саюзам пісьменьнікаў Беларусі.

Літаратурны фонд – арганізацыя, у якую ўваходзяць толькі сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, апошнія тры гады ёю кіраваў блізкі да ўладаў Мікалай Чаргінец. Аднак з красавіка ён перастаў праводзіць паседжаньні рады Літфонду, у верасьні напісаў заяву пра адстаўку з пасады старшыні арганізацыі, а нядаўна – і пра выхад зь яе складу. На заўтрашні сход Літфонду Мікалай Чаргінец прыходзіць не зьбіраецца, бо лічыць, што там можа быць нейкае “судзілішча” над ім.

Спадар Чаргінец, адзін са стваральнікаў праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, падаў заяву і пра выхад з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які ўзначальвае Алесь Пашкевіч. Разам зь ім падалі такія заявы яшчэ дзесяць чалавек, хоць ва ўстаноўчым зьезьдзе праўладнага саюза прымалі ўдзел болей за паўсотні сябраў дзейнай пісьменьніцкай арганізацыі. Мікалай Чаргінец свае ўчынкі тлумачыць палітычнымі прычынамі:

(Чаргінец: ) “Хоча атрымаць нейкія дывідэнды тая невялікая група кіраўнікоў, якая амаль 15 гадоў муціла ваду ў Саюзе пісьменьнікаў, не давалі хады творчасьці, а давалі ход палітыцы ў выглядзе супрацьстаяньня дзяржаве, уладзе”.

Да “антыдзяржаўных дзеяньняў” кіраўніцтва СБП спадар Чаргінец аднёс адмову прызнаваць чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг і дамову аб Саюзнай дзяржаве з Расеяй.

Спадар Чаргінец зазначае, што ў СБП адчуваў сябе няўтульна і з-за моўнай дыскрымінацыі, калі ад яго вымагалі гаварыць па-беларуску, аднак ён, вырасшы ў Менску, вучыўся ў школе, інстытуце фізкультуры і ўнівэрсытэце выключна па-расейску і не засвоіў беларускай мовы:

(Чаргінец: ) “І канечне, я быў выхаваны ва ўмовах рускамоўя, я ніколі сябе не лічыў беларусам. Для мяне быў найбольшы гонар прадстаўляць сваю краіну, і мы, маладыя пацаны, плакалі ад радасьці, калі мы выйгравалі недзе за мяжой і гучаў гімн нашай краіны [СССР]”.

Спадар Чаргінец тлумачыць, што менавіта палітычныя матывы падштурхнулі яго і ягоных аднадумцаў да фармаваньня новага саюза пісьменьнікаў.

(Чаргінец: ) “Мы прэтэндуем на тую назву, якую далі Якуб Колас і Янка Купала ў 1934 годзе, назву Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Яна больш адпавядае духу шматнацыянальнасьці пісьменьніцкага асяродку Беларусі. Мы хочам аднавіць усе тыя добрыя традыцыі, якія былі раней у СПБ”.

Дырэктар Літфонду Вячаслаў Корбут паведаміў “Свабодзе”, што фармальна адстаўка спадара Чаргінца з пасады старшыні гэтай арганізацыі адбудзецца заўтра. Цяпер арганізацыя знаходзіцца ў крытычным стане, на мяжы выжываньня. У найбліжэйшы час ўлады могуць прымусіць яе пакінуць памяшканьні ў Доме літаратара з-за вялікага доўгу, які назьбіраўся менавіта за час кіраўніцтва Мікалая Чаргінца. А пісьменьніцкі дом адпачынку ў Іслачы, які належыць Літфонду, знаходзіцца цяпер ў напаўразбураным стане.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG