Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Шушкевіч: “Альтэрнатывай Віскулям была грамадзянская вайна”


Віталь Цыганкоў, Прага Чатырнаццаць гадоў таму былі падпісаныя Віскулёўскія пагадненьні, якія канстатавалі канец СССР. Адным з тых, хто паставіў свой подпіс, быў Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч. Ён – сёньняшні госьць “Свабоды”

(Цыганкоў: ) Давайце яшчэ ўзгадаем сытуацыю ў 1991 годзе, людзям уласьціва вельмі хутка забываць гісторыю, і часам маляваць яе ружовымі фарбамі. Я нагадаю, што ў 1991 годзе рэспублікі ўжо не плацілі падаткі ў агульнасаюзны бюджэт, ва Украіне прайшоў рэфэрэндум, на якім 90 працэнтаў насельніцтва прагаласавалі за сувэрэнітэт. новую саюзную дамову не ўдавалася заключыць. У Расеі рэальная ўлада пераходзіла ад саюзных да расейскіх органаў. Так што ці магла быць нейкая альтэрнатыва белавескім пагадненьням?

(Шушкевіч: ) “Ведаеце, альтэрнатыва магла быць адна -- гэта бойка, пусканьне крыві і паход бедных на багатых, адных рэгіёнаў на іншыя. Магла быць грамадзянская вайна. Я думаю, тое, што мы гэтага пазьбеглі -- прызнае ўвесь сьвет. Гэта нават здольны ўцяміць і Лукашэнка, хаця яму цяжкавата гэта зрабіць, бо ў яго шоры калгасна-саўгасныя на вачах даўно. І тое, што ён, прабачце, гаворыць цяпер расейскім журналістам, што нехта там пужаў расіянаў -- гэта ня мае ніякай падставы. Разумны чалавек гэтага б не сказаў”. (Цыганкоў: ) “Пад час сустрэчы з расейскімі журналістамі Лукашэнка казаў, што нібыта ў часы, калі ва ўладзе былі, як ён выказаўся, “нацыяналісты і Шушкевіч”, рускія “сядзелі на чамаданах”...

(Шушкевіч: ) Гэта -- глупства. Ні адзін рускі ня зьехаў з Беларусі, нікому нічога не пагражала. Ну а паколькі цяпер няма што сказаць добрага, што Боларусь нечага дасягнула, што далей за нас пайшлі ўсе іншыя былыя рэспублікі, якія пайшлі па іншым шляху, у прыватнасьці прыбалтыйскія. далей нас, маючы горшыя стартавыя ўмовы, пайшла Польшча. Далей нас пойдзе ў бліжэйшы час Украіна, бо там ідзе дэмакратычная рэформа. А тут - калгаснае, саўгаснае, ды з карэйцамі і кубінцамі, а цяпер яшчэ і венэсуэльскі кантакт. Глупства гэта! Беларусь -- эўрапейская краіна, і можа разьвівацца па эўрапейскім шляху, і дасягнуць ня горшага, чым эўрапейскія краіны. Але дзеля гэтага трэба мець нейкае іншае разуменьне, а не арыентавацца на вершы нейкага Быкава, якога наогул не існуе.

(Цыганкоў: ) Былы прэм’ер Вячаслаў Кебіч яшчэ падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году “пакаяўся” за свой удзел у развале СССР, такім чынам спадзяючыся выйграць выбары. А ці былі тады, у 1991 годзе, нейкія разыходжаньні ў пазыцыі беларускай дэлегацыі?

(Шушкевіч: ) “Ня тое што разыходжаньняў не было -- але ўсе, падкрэсьліваю, усе пытаньні ня толькі ў беларускай дэлегацыі, але і на нарадзе самага вышэйшага рангу прымаліся толькі кансэнсусам. Усе фармулёўкі былі даведзеныя да таго, што ні аднаго супраць не было. І больш нідзе. І ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня супраць быў толькі адзін дэпутат, Ціхіня. Бо яму было крыўдна, ён дасягнуў пазыцыі сакратара ЦК КПБ, а тут усё траціцца. ўсе астатнія падтрымалі. ія пазьней цытаваў выступы людзей - ведаеце, яны былі ў захапленьні, што мы ідзем па шляху , што ня трэба здаваць падаткі ў Маску, што ўсе пытаньні можна вырашаць тут, у Менску. А з Расеяй трэба сябраваць.

(Цыганкоў: ) Некаторыя прыхільнікі захаваньня СССР часам пытаюцца, чаму тагачасны прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў не накіраваў роту дэсантнікаў, якая б арыштавалі беларускіх змоўшчыкаў. Ці было такое магчыма нават тэарэтычна? Ці падпарадкоўвалася хоць што-небудзь тады Гарбачову. (Шушкевіч: ) “Ведаеце, я дапускаю, што можна было знайсьці нейкую хеўру галаварэзаў, але трэба аддаць належнае Гарбачову -- ён ужо не абапіраўся на КГБ. Былі ўжо і Вільня, і Тбілісі. Ён ужо разумеў, што такога быць ня можа. Такія ўчынкі рабіць нельга. Зьезд народных дэпутатаў асудзіў такія ўчынкі, і ўтойваць гэта было б ужо немагчыма. Акрамя таго, мы вельмі клапаціліся аб тым, каб забясьпечыць бясьпеку кіраўнікоў двух суседніх дзяржаў, і расейскія спэцслужбы таксама ахоўвалі Ельцына і дапамагалі Шыркоўскаму, нашаму кіраўніку КГБ. Так што я думаю, з аднаго боку Гарбачоў бы на гэта не пайшоў (я ведаю ягоны характар). а з другога боку -- было прадугледжана, каб такое было немагчыма”.

(Цыганкоў: ) Рэакцыя на Віскулі сёньня -- з чым вы часьцей сустракаецеся, з якой рэакцыяй, напрыклад, на вуліцах Менску, бо зразумела ж, што вас пазнаюць..

(Шушкевіч: ) “Я ўжо апошнім часам ведаю толькі аднаго - двух чалавек у Менску, якім гэта не падабаецца. Што да астатніх, дык акрамя пахвалы ў свой адрас, нічога ня чую. А што да Масквы, да Кіеву -- нешта падобнае на мітынгі зьбіраецца. Нядаўна я быў у кнігарні на Новым Арбаце, і ведаеце, людзі беглі да мяне падпісваць кніжку ўспамінаў Ельцына, там маё прозьвішча. Казалі, расьпішыцеся, мы Вас паважаем, Вы такое зрабілі.... І гэта -- у Расеі, я ўжо не кажу пра Украіну. Усе нармальныя людзі ўсьведамляюць, што адносіны з Расеяй павінны быць як адносіны паміж ЗША і Канадай -- адкрытая мяжа, узаемадзеяньне, і гэта лёгка зрабіць. Але імпэрскія амбіцыі пэўных структур перашкаджаюць гэтаму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG