Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Паганяйла: "Новыя нормы будуць інструмэнтам барацьбы з іншадумствам"


Алесем Дашчынскі, Менск Сёньня Савет рэспублікі разгледзае прапанаваныя кіраўніком краіны папраўкі ў крымінальны кодэкс Беларусі. Нагадаем, Палата прадстаўнікоў ужо ўхваліла гэты законапраект 2 сьнежня.

Выказаць сваё меркаваньне не пажадалі трое сяброў прэзыдыюма Савета рэспублікі, да якіх я зьвярнуўся. Яны тлумачылі гэта тым, маўляў, заўтра будзе разглядацца пытаньне і там ужо ўсе будуць выказвацца. Я прапаную маю размову па тэлефоне з кіраўніцай сталай камісіі ў заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Натальляй Андрэйчык.

(Карэспандэнт: ) “А ці можаце Вы выказаць сваё меркаваньне наконт гэтага законапраекту, таму што ЗША і Эўразьвяз выказвае занепакоенасьць…

(Андрэйчык: ) “Я выкажу думку камісіі і сваю асабістую на сэсіі. А пакуль заўчасна.

(Карэспандэнт: ) “А вось, якое Вашае меркаваньне, будзе прыняты гэты закон?

(Андрэйчык: ) “Вы ведаеце, кожны праект абмяркоўваецца і нейкім чынам прадвырашаць лёс, будзе ўхвалены ці не, цяжка сказаць. Праца ж ідзе заўсёды вельмі напружаная. Гэта толькі збоку можа здавацца, што ўсе законапраекты праходзяць гладка і лёгка.

(Карэспандэнт: ) “Нагадайце мне, ці было такое ў практыцы Савета рэспублікі, што хоць нейкі законапраект быў адхілены?

(Андрэйчык: ) “Канешне”.

(Карэспандэнт: ) “Вы прагназуеце, што нават законапраект прапанаваны Аляксандрам Лукашэнкам можа быць адхілены Саветам рэспублікі?

(Андрэйчык: ) “Незалежна ад таго, які законапраект будзе разглядацца, ён праходзіць аднолькавую працэдуру абмеркаваньня. Таму я цяпер нічога не прагназую, а рыхтуюся да таго, каб дакладаць гэты праект закона…”

Нагадаем, пры галасаваньні ў Палаце прадстаўнікоў за ўвесь законапраект прагаласавалі 97 дэпутатаў, і толькі чацьвёра выказаліся супраць. Пра сытуацыю вакол законапраекту сьведчыць камэнтар спэцыяліста ў галіне крымінальнага права, прадстаўніка экспэртна-прававой управы Савету рэспублікі Васіля Цімошчанкі. Ён сказаў, што пэўныя заўвагі юрыстаў былі накіраваныя камісіі ў заканадаўстве і далейшы іх лёс будзе вядомы сёньня. Паводле Цімошчанкі, прынцыповых заўваг па артыкуле “дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь” не было. Пакінулі і прапанаваныя пакараньні – да двух гадоў пазбаўленьня волі. Спадар Цімошчанка мяркуе, што пры адэкватным і дакладным выкананьні нормаў, гэты законапраект не павінен прывесьці да парушэньня правоў чалавека.

(Цімошчанка: ) “ Я лічу, што гэта норма блізкая да нормаў заканадаўства многіх эўрапейскіх краін і тут многае залежыць ад практыкі прымяненьня. Закон дастаткова ў гэтых адносінах канкрэтны і, я думаю, што парушэньняў не павінна быць”.

Паводле вядомага праваабаронцы і адваката Гары Паганяйла, сапраўды, у шэрагу дэмакратычных краін гадоў па 50 існуюць падобныя нормы. Але гэта мёртвыя нормы і там ніхто не ставіць пытаньне пра дыскрэдытацыю краіны.

(Паганяйла:) “Ва ўмовах нашага рэжыму, з улікам вядомых традыцый савецкага таталітарнага рэжыму, гэтая норма будзе інструмэнтам барацьбы з іншадумствам. Практыка прымяненьня будзе абсалютна неадэкватнай ні зьместу гэтага артыкулу, ні палітычнай сытуацыі ў краіне. У нас няма незалежнага суду, незалежнага сьледства. Уся сыстэма ўлады сканцэнтравана ў руках кіраўніка краіны. Ён будзе рабіць тое, што хоча”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG