Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За інтэрвію “Свабодзе” – абвінавачаньне ў паклёпе


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомелі распачалі ўціск на асобных гараджанаў на падставе яшчэ не прынятых парлямэнтам паправак да Крымінальнага кодэксу за дыскрэдытацыі Беларусі. Падрабязнасьці падае наш гомельскі карэспандэнт.

Дырэктар аўтобуснага парку №1 Уладзімер Хадакоўскі выклікаў сёньня да сябе кіроўцу Андрэя Баранава – удзельніка пратэсту супраць нізкіх заробкаў.

Кіраўнік прадпрыемства заявіў кіроўцу аўтобуса, што ім займаюцца органы за паклёп у інтэрвію Радыё Свабода і арганізацыю мітынгу на пляцы Леніна 5 сьнежня. Гаворыць Андрэй Баранаў:

(Баранаў: ) “Прэтэнзіі прад’явілі, што я няправільныя лічбы назваў ў інтэрвію па радыё. Сказалі, што мной займаюцца органы, абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу і распаўсюдзе паклёпніцкіх зьвестак пра аўтобусны парк”.

(Карэспандэнт: ) “Хто такія прэтэнзіі прад’явіў?”

(Баранаў: ) “Дырэктар аўтапарку Хадакоўскі”.

Нагадаю, 5 сьнежня некалькі дзясяткаў кіроўцаў аўтобуснага парку №1, пераважна прыгарадных маршрутаў, выйшлі на цэнтральны пляц Леніна. Людзі не задаволены памерамі заробкаў.

Андрэй Баранаў, у прыватнасьці, сказаў тады нашаму радыё:

(Баранаў: ) “Народ сабраўся, каб скласьці ліст, подпісы сабраць і перадаць ліст у камітэт дзяржаўнага кантролю і прадстаўніку прэзыдэнта ў рэгіёне. Кіроўцы аўтобусаў вельмі не задаволены заробкамі, умовамі працы, адносінамі да сябе. Даюць нам такія заданьні збору выручкі, што іх нельга выканаць. Ад грашовай выручкі залежыць заробак. Калі ёсьць плянавая выручка, плацяць ад яе ў якасьці заробку 17%. Калі плян ня выкананы, толькі 3%”.

Іншых камэнтароў кіроўца Баранаў не даваў. Пра свае заробкі ў аўтапарку распавядала звольненая паводле кантракту кандуктарка. Праўдападобна, гэта і выклікала незадавальненьне начальства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG