Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ніводзін дэмакрат не зрабіў столькі дабра для беларускага народу, колькі прэзыдэнт Лукашэнка”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Галоўнай тэмай большасьці лістоў, якія прыходзяць на адрас Беларускай Свабоды ў апошнія дні, застаецца новае крымінальнае заканадаўства, ухваленае на мінулым тыдні Палатай прадстаўнікоў з ініцыятывы прэзыдэнта Лукашэнкі. Паводле паправак, унесеных у кодэкс, да крымінальнай адказнасьці будуць прыцягвацца, у прыватнасьці, асобы, абвінавачаныя ў так званай “дыскрэдытацыі Беларусі” — распаўсюдзе зьвестак, якія суд палічыць заведама непраўдзівымі і зьневажальнымі для органаў беларускай улады.

Пачну сёньняшні агляд з фрагмэнту электроннага ліста на гэтую тэму ад Віктара Тураўца зь Ліёну, з Францыі. Слухач лічыць, што папраўкі ў Крымінальны кодэкс — гэта працяг усёй папярэдняй палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

“Чаму гэта адбылося цяпер? — пытаецца Віктар Туравец. І сам жа адказвае: — Тут усё проста, як проста і тое, што выбараў у 2006 ня будзе. Лукашэнка страшэнна баіцца рэвалюцыі — масавага выхаду народу супраць фальсыфікацыяў… Гэтыя “папраўкі” — не сэнсацыя: такое ўжо было. Згадайма: 1996, “новая” Канстытуцыя “пад сябе” — праглынулі; 2001 — праглынулі; кастрычнік 2004, папраўкі ўжо ў новую, “сваю” Канстытуцыю — праглынулі. І гэта пройдзе, і яшчэ падобнае будзе, і горшае. Самае галоўнае цяпер — як перамагчы ў гэтай сытуацыі, як вызваліцца? Аб чым найперш трэба думаць і нарэшце вырашыць — як падняць народ, як узьняцца з каленяў і перамагчы страх?

Ці здольны Мілінкевіч вырашыць такую праблему? Гэта пытаньне! Лідэр жа павінен наперадзе ісьці. А зразумела ж, як усё будзе. На другі дзень пасьля выбараў Менск апынецца ў аблозе. Галоўныя плошчы, пад’езды да сталіцы, усё будзе блякавана. Галоўныя лідэры могуць быць ізаляваныя. Якія ёсьць падставы казаць, што людзі ў такіх умовах выйдуць? Чаму цяпер яны ня выйшлі супраць паправак у Крымінальны кодэкс, супраць гвалту над незалежнымі газэтамі, супраць зьдзеку з палітзьняволеных? А пасьля “выбараў” выйдзем?”

Так, спадар Туравец, людзі ня выйшлі на плошчу пратэставаць супраць паправак у Крымінальны кодэкс і супраць уціску незалежных газэтаў. Заўважу, што і заклікаў выходзіць і пратэставаць ні ад каго з палітыкаў не гучала. Чаму? Таму што і такія заклікі, і ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі сёньня пагражаюць чалавеку стратай працы, буйнымі грашовымі штрафамі, а часам і турэмным зьняволеньнем альбо абмежаваньнем волі (так званай “хіміяй”). Прычым, нават паводле старога, не папраўленага Крымінальнага кодэксу.

Мяркую, вам, спадар Туравец, як былому актывісту апазыцыі, які некалькі гадоў таму з палітычных прычынаў перасяліўся ў Францыю, гэта добра вядома. І вашы нараканьні на тое, што людзі ў Беларусі, як вы пішаце, “ўсё праглынулі” — з улікам абставінаў вашага ўласнага палітычнага досьведу гучаць прынамсі двухсэнсоўна.

Увогуле ж, магчымасьць каляровай рэвалюцыі ў сёньняшняй Беларусі, калі мець на ўвазе апошнія падзеі і дзеяньні ўлады, выглядае ўсё менш верагоднай. Але гэта не азначае, што зьмена ўлады ня можа адбыцца іншым шляхам. На гэтую ж тэму кароткі ліст ад Сьвятланы Дабрылкі з Горадні:

“Хочаце ведаць, што будзе ў Беларусі далей — чытайце Салжаніцына і вывучайце савецкую гісторыю 1930-х гадоў. Паказальныя працэсы над тымі, хто паклёпнічае на “сьветлую беларускую рэчаіснасьць”, масавыя сходы пад лёзунгамі “Сьмерць шпіёнам і дывэрсантам!”, дзясяткі і сотні тысяч даносаў у КДБ — на суседзяў, знаёмых, сяброў. Скончыцца ўсё тым, што ў турму пойдуць і тыя, хто найбольш заўзята змагаўся з апазыцыяй і іншадумцамі. Можа, камусьці ў гэтым вар’яцкім доме і спадабаецца. Але, на маю думку, тут неўзабаве пачнецца масавая эміграцыя. Зьедзе ня толькі апазыцыя — але і найлепшая частка інтэлігенцыі. І ня думаю, што ад гэтага выйграе беларуская дзяржава”.

Апошнім часам, спадарыня Дабрылка, многія праводзяць падобныя гістарычныя паралелі. І для гэтага, сапраўды, ёсьць шмат падставаў. Гісторыя часта даволі дакладна прадказвае будучыню тым людзям, якія ўмеюць гэтую гісторыю аналізаваць. Хоць дакладнае паўтарэньне падзеяў 1930-х гадоў у сёньняшняй Беларусі наўрад ці магчымае. Іншая эпоха, іншае стаўленьне да дыктатарскіх рэжымаў з боку міжнароднай супольнасьці, ды і грамадзкія настроі таксама іншыя.

Зусім іншая ацэнка рашэньня, прынятага 2 сьнежня Палатай прадстаўнікоў, гучыць у лісьце спадара Сьцяпанава зь Берасьця (ён, на жаль, не называе свайго імя):

“Мяне абурае тое, зь якой разьюшанасьцю адрэагавала ваша “Свабода” на прынятыя нашай дзяржавай меры ў справе абароны сваёй годнасьці і бясьпекі. Калі ў Англіі прымаюцца меры дзеля бясьпекі, у Францыі ўводзіцца надзвычайнае становішча, а ў Злучаных Штатах выбары не адпавядаюць ніякім нормам дэмакратыі — усё гэта вы называеце “дэмакратыяй” і “свабодай”. Вы іх усхваляеце, як сымбалі найвялікшай дэмакратыі. А вось Беларусь чамусьці ня мае права абараняць сябе ад рознай нечысьці, якая аблівае брудам яе народ і ўрад.

Процьма хлусьні і паклёпу выходзіць штодня ў эфір праз вашу “Свабоду”. Вось прыклад. Агучваюцца званкі на “Свабоду”, нейкая мянчанка (а можа, гэта нават ваша супрацоўніца) паведамляе, што за 10 гадоў у Менску пры Лукашэнку нічога ня зроблена. І вы з задавальненьнем пускаеце гэта ў эфір. Але ж гэта хлусьня чыстай вады. Ды ні пры адным з дэмакратаў ня зроблена столькі для народу і дзяржавы, колькі пры Лукашэнку, якога вы называеце “дыктатарам”.

Далей у сваім лісьце спадар Сьцяпанаў зь Берасьця апісвае тое, што ён лічыць дасягненьнямі прэзыдэнта Лукашэнкі. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Калі пры Шушкевічу мы атрымлівалі ўсё па купонах, казна была парожняя, а заводы развальваліся, то пры Лукашэнку ў беларускай казьне дзясяткі тон золата, срэбра, плаціны; у насельніцтва — тры мільёны легкавых аўтамабіляў, тысячы катэджаў, прыватных магазінаў. А вашы Лябедзька, Мілінкевіч ды іншыя — што яны зрабілі для народу і дзяржавы? А нічога — апроч таго, кормяцца, за даляры амэрыканскага кангрэсу, як і вы. І пры гэтым Мілінкевіч хоча, каб народ яго падтрымаў. Ды ніколі таму не бываць — успомніце, спадары, мае словы”.

Заканчвае свой ліст спадар Сьцяпанаў зь Берасьця яшчэ адным папрокам на наш адрас:

“З нагоды паправак у Крымінальны кодэкс у вашых перадачах гучаць выказваньні амэрыканцаў, палякаў, літоўцаў і розных там Шушкевічаў і Лябедзькаў. А дзе выказваньні камбайнэраў, якія намалацілі па тысячы і болей тонаў збожжа? Дзе галасы рабочых трактарнага, тэлевізійнага, аўтамабільнага заводаў? Іх жа мільёны. Гэта не дзясяткі вашых так званых палітыкаў. Вось за імі — будучыня краіны, а не за Мілінкевічам і не за Лябедзькам. Напісаў я гэта, спадар Жданко, дзеля таго, каб вы і вашы супрацоўнікі задумаліся над тым, што вы робіце. Пры гэтым я больш чым упэўнены, што ў вас ня хопіць адвагі, каб агучыць мой ліст у эфіры”.

Запэўніваю вас, спадар Сьцяпанаў, што ніякай асаблівай адвагі, каб агучыць ваш ліст, не спатрэбілася. Што да галасоў камбайнэраў і рабочых з нагоды паправак у Крымінальны кодэкс… Мы ахвотна даем слова і ім, і людзям іншых прафэсіяў — незалежна ад іхных палітычных поглядаў, адукацыі і ўзросту. Амаль штодня ў нашым эфіры гучаць апытаньні людзей на вуліцы, лісты і тэлефанаваньні слухачоў. Іншая справа, наколькі кампэтэнтнымі і ўзважанымі могуць быць ацэнкі юрыдычнага дакумэнту, зробленыя, напрыклад, калгасным трактарыстам. Вось вас, спадар Сьцяпанаў, абурыла агучанае па “Свабодзе” тэлефанаваньне мянчанкі, якая крытыкавала ўладу. Але ж гэта і ёсьць галасы тых простых людзей, да якіх вы апэлюеце. Уявіце, што працуе тая жанчына на мотавэлязаводзе, дзе сьціплы заробак 200 тысяч рублёў напрыканцы лістапада не заплацілі яшчэ за жнівень (што, дарэчы, нядаўна вымусіла рабочых перагарадзіць Партызанскі праспэкт у Менску). Дык вось, і гэтая жанчына, і тысячы іншых людзей вымяраюць дасягненьні і пралікі ўлады ня тонамі золата, якія ляжаць у сховішчах Нацбанку, а наборам прадуктаў ва ўласным халадзільніку.

Калі вы, спадар Сьцяпанаў, у гэтыя дні ўважліва слухалі Беларускую Свабоду, то не маглі не заўважыць, што пры асьвятленьні тэмы паправак у Крымінальны кодэкс мы давалі слова і апазыцыйным палітыкам, і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, і міністрам, і замежным палітыкам і экспэртам, і выпадковым мінакам на вуліцах. Мы лічым, што толькі так вы, слухачы, здолееце атрымаць поўнае ўяўленьне пра гэтую надзвычай важную для будучыні грамадзтва і дзяржавы праблему. А цяпер паспрабуйце, спадар Сьцяпанаў, сумленна адказаць на пытаньне: чые галасы і твары вы чулі і бачылі ў гэтыя дні на дзяржаўных радыё– і тэлеканалах? Ці мелі магчымасьць выказацца наконт гэтай праблемы людзі, якія думаюць інакш, чым прэзыдэнт Лукашэнка?

І апошняе: наконт надзвычайных мераў бясьпекі ў ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі. Так, спадар Сьцяпанаў, такія меры там прымаюцца — супраць тэрарыстаў, якія рыхтуюць замахі на жыцьцё людзей, якія становяцца жывымі бомбамі, якія распаўсюджваюць наркотыкі і зброю. Але дзе, у якой краіне Захаду людзей судзяць і саджаюць у турму за выказваньне палітычных поглядаў і крытыку ўладаў?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG