Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці праўда, што беларускім лекарам абмежавалі выезд за мяжу?


Іна Студзінская, Менск Днямі некаторыя сродкі масавай інфармацыі распаўсюдзілі зьвесткі пра тое, што беларускія лекары нават пры прыватных і турыстычных паездках за мяжу павінны атрымліваць дазвол кіраўніцтва, ня кажучы ўжо пра службовыя паездкі і стажыроўкі.

Што да стажыровак, удзелу ў сэмінарах, міжнародных канфэрэнцыях, то беларускія лекары пастаянна сутыкаюцца з праблемай: трэба атрымліваць дазвол кіраўніцтва. І не заўсёды такі дазвол удаецца атрымаць.

Зусім нядаўна ў Польшчу на запрашэньне Польскай місіі мэдычнай на стажыроўку па праблемах СНІДу некалькі беларускіх інфэкцыяністаў не змаглі выехаць за мяжу афіцыйна. Усе павінны былі атрымаць дазвол кіраўніцтва. Некаторым давялося браць адпачынак за свой кошт. Распавядае старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Асацыяцыі беларускіх мэдыкаў”, лекар Андрэй Вітушка:

(Вітушка: ) “Да прыкладу, адзін чалавек працуе інфэкцыяністам у Рэспубліканскім шпіталі для зьняволеных, яму прыйшлося браць дазвол асабіста ў міністра ўнутраных справаў. А дацэнту катэдры мэдычнага ўнівэрсытэту трэба было браць дазвол у рэктара і падаваць паперу ў Міністэрства аховы здароўя. Працэдура выглядае наступным чынам: трэба падаваць праграму стажыроўкі, трэба падаваць кантакты арганізацыі, якая запрашае, і яшчэ ня факт, што цябе пры гэтым адпусьцяць”.

На стажыроўку ў Польшчу здолелі паехаць 19 чалавек, але яны паехалі ў прыватным парадку, пісалі заявы на адпачынак за свой кошт ці коштам чарговага адпачынку, паведаміў лекар Андрэй Вітушка.

(Вітушка: ) “Яны ехалі як прыватныя асобы, ня толькі не інфармуючы сваю адміністрацыю пра гэту паездку, але і хаваючы гэтую паездку. Народ вымушаны патаемна, прыватна выяжджаць”.

Начальнік упраўленьня зьнешніх сувязяў Міністэрства аховы здароўя Эдуард Глазкоў паведаміў:

(Глазкоў: ) “Існуе парадак накіраваньня ў службовыя камандзіроўкі. Установы рэспубліканскага падпарадкаваньня — так, узгадняюць зь Міністэрствам аховы здароўя, нерэспубліканскага — зь мясцовымі. Гэта існуе ўжо шмат гадоў, традыцыйна. Як і ў любой іншай краіне”.

Што тычыцца асабістых прыватных, паездак, турызму — няма ніякіх абмежаваньняў, запэўнівае начальнік аддзелу зьнешніх сувязяў Міністэрства аховы здароўя Эдуард Глазкоў.

(Глазкоў: ) “Ніякіх абмежаваньняў, гэта асабістая справа чалавека. Турызм — зьбірайся і калі ласка, прыватная паездка — гэта твае асабістыя справы. Хочаш ў адпачынак — зьбірайся і едзь!”

Начальнік лячэбнага ўпраўленьня Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Цыбін таксама абвергнуў інфармацыю, што тычыцца турызму, прыватных паездак:

(Цыбін: ) “Абсурд, 100-працэнтны абсурд. У нашым лячэбным упраўленьні не было і ў пэрспэктыве наўрад ці будзе падобная ўстаноўка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG