Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушыны грып: у трох раёнах Украіны – надзвычайнае становішча


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Учора парлямэнт Украіны зацьвердзіў указ прэзыдэнта аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў трох раёнах Крыму, дзе была зафіксаваная ўспышка птушынага грыпу. Каля 2 тысяч свойскіх птушак ужо загінулі ад вірусу. Цяпер у Крыме адбываецца масавае зьнішчэньне свойскіх птушак. Ужо забітыя болей як 22 тысячы.

Афіцыйна пра ўспышку птушынага грыпу было паведамлена ў суботу 3 сьнежня. Паморак свойскай птушкі здарыўся каля Сіваскай затокі ў шасьці вёсках з насельніцтвам каля 7 тысяч чалавек.

Адразу ж туды былі пасланыя 19 брыгад лекараў, якія назіраюць за прыблізна дзевяцьцюстамі чалавекамі, якія кантавалі з птушкай. Аднак, мясцовыя жыхары кажуць, што куры і гусі пачалі гінуць у верасьні і што амаль нічога не рабілася, каб запабегчы паморку.

Украінскія чыноўнікі прызналіся, што яны сапраўды зафіксавалі выпадкі гібелі птушак каля Сіваскай затокі – месца, дзе спыняюцца пералётныя птушкі, якія мігруюць з Эўропы ў Афрыку ці на Блізкі Ўсход.

Віктар Юшчанка наведаў тыя мясьціны і прыйшоў да высновы, што ўспышка стала вынікам пралікаў вэтэрынарных службаў. Галоўны вэтэрынар краіны звольнены з працы. Прэзыдэнт заяўляе, што прымаюцца радыкальныя захады, каб спыніць пашырэньне сьмяротнага вірусу.

(Юшчанака: ) “Сёньня пытаньне знаходзіцца абсалютна пад кантролем. Птушкі зьнішчаюцца ва ўсіх шасьці населеных пунктах. Да 12 сьнежня завершым вакцынацыю людзей і асабліва дзетак. У значнай ступені можна сказаць, што Ўкраіна сустрэла гэту праблему вельмі арганізавана.”

Юшчанка таксама заявіў жыхарам Крыму, што яны могуць атрымаць бясплатна прышчэпку ад сэзоннага грыпу. А фэрмэрам урад паабяцаў кампэнсаваць страты. Але тыя кажуць, што кампэнсацыя зусім нікчэмная.

(Фэрмэр: ) “Тое, што яны плацяць, вы мяне прабачце, гэта сьмешна. Я за гэтыя грошы ніякай птушкі ўжо не куплю. А колькі корму мы на яе змарнавалі. Гэта трэба было рабіць яшчэ месяц таму. А то прыехалі і кажуць, што нібыта птушка нечым атруцілася ці яшчэ што. Каб яны своечасова кінуліся, дык быў бы толк.”

Аналітыкі пагаджаюцца, што рэакцыя ўкраінскага прэзыдэнта і ўраду была адэкватнай сур’ёзнасьці сытуацыі. Аднак, незразумелым пакуль застаецца самае галоўнае. Дасьледчыкі Вялікай Брытаніі і Італіі ўжо вызначаюць, ці птушкі ў Крыме мелі той самы вірус, ад якога цягам апошніх двух гадоў загінулі як найменей 68 чалавек. Сьмяротна небясьпечны для людзей вірус H5N1 быў таксама выяўлены ў птушак у Румыніі, Турэччыне, Харватыі і Расеі.

Беларусь і Расея ўвялі забарону на ўвоз украінскай птушынай прадукцыі.
XS
SM
MD
LG