Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 сьнежня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень юрыста.


rfe/rl

Дарэчы, і гістарычныя даты 7 сьнежня зьвязаныя зь юрыспрудэнцыяй, у прыватнасьці, са сьмяротным пакараньнем. Гэтак 7 сьнежня 1938 году органы НКВД расстралялі беларускага мовазнаўцу Пятра БузукА. Прафэсар Бузук быў дырэктарам інстытуту мовазнаўства Акадэміі Навук Беларусі і займаўся дасьледаваньнем дыялектаў. Ён склаў першы атлас беларускіх гаворак, які называўся “Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі”. Таксама 7 сьнежня, але ў 1943 годзе ў Менску тэрарысты забілі Вацлава Іваноўскага. Доктар Іваноўскі вёў перамовы зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі пра стварэньне беларускага ўраду. І акурат у часе, калі дыскусія хілілася да спрыяльнага вырашэньня, проста пасярод вуліцы Іваноўскага забілі невядомыя. Дасьледнікі дапускаюць, што гэта маглі быць прадстаўнікі як савецкай, так і нямецкай, і польскай ідэалёгіі. Бо нікому зь іх, па вялікім рахунку, не было выгоднае ўзмацненьне беларускае цывільнае ўлады ў акупаванай Беларусі.

7 сьнежня 1921 году ня стала літоўскай пісьменьніцы Юліі Жэмайтэ. На мяжы двух стагодзьдзяў яна апісвала жыцьцё літоўскае вёскі ў цалкам народным стылі. У яе творах было месца і для іроніі і для камічных сытуацыяў. Даробак Жэмайтэ складае шэсьць тамоў, па-беларуску яе прозу перакладалі Анатоль Клышка і Ян Скрыган. У Вільні ёсьць помнік пісьменьніцы, а яе аблічча ўпрыгожыла літоўскую грашовую купюру вартасьцю 1 літ.

7 сьнежня адзначаецца Дзень памяці ахвяраў землятрусу ў Арменіі. Трагедыя адбылася ў 1988 годзе. Гэта была ці не апошняя яшчэ ўсесаюзная жалоба і ўсе рэспублікі былога СССР накіроўвалі армянам сваю дапамогу -- брыгады ратавальнікаў і будаўнікоў, тэхніку, харчы і вопратку.

7 сьнежня 1991 году ў Белавескай пушчы, у Віскулях сабраліся кіраўнікі Расеі, Украіны і Беларусі, якія прыдумалі для адаптацыі распаду савецкай імпэрыі заснаваць новае ўтварэньне -- Садружнасьць незалежных дзяржаваў -- СНГ.

7 сьнежня 1928 году нарадзіўся Радзім Гарэцкі. Ён -- прадстаўнік славутага роду Гарэцкіх -- сын акадэміка Гаўрылы Гарэцкага і пляменьнік літаратара Максіма Гарэцкага. Радзім Гарэцкі, таксама як і бацька, стаў вучоным-геолягам і таксама мае тытул акадэміка. Апроч гэтага, спадар Радзім напісаў кнігу пра свайго дзядзьку, а з 1993 году да нядаўняга часу ён узначальваў згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына“.
XS
SM
MD
LG