Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу палякаў перадалі ў абласную пракуратуру


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня галоўны рэдактар газэты “Glos znad Niemna” у эміграцыі” Анджэй Пісальнік езьдзіў у Шчучын на вочную стаўку з дырэктарам мясцовага Дому польскага Віктарам Богданам, але яна не адбылася. Сьледчы патлумачыў, што ўчора ўвечары ён перадаў справу ў абласное Упраўленьне ўнутраных справаў і не пасьпеў папярэдзіць спадара Пісальніка.

Анджэй Пісальнік і яшчэ тры ягоныя калегі па Саюзу палякаў — Юзаф Пажэцкі, Веслаў Кеўляк і Андрэй Пачобут зьяўляюцца падазраванымі ў крымінальнай справе аб запалохваньні спадара Богдана, які напісаў на іх заяву ў пракуратуру. Усім чатыром у сувязі з гэтым забаронены выезд за мяжу. Сьледзтва цягнецца ўжо чацьверты месяц.

Шчучынскі сьледчы Андрэй Залога патлумачыў па тэлефоне, што справу аб запалохваньні Віктара Богдана ў яго запатрабавала абласное ўпраўленьне і яму невядома, якім будзе яе далейшы лёс. Анджэй Пісальнік таксама пакуль ня ведае чаму адбылася такая зьмена.

(Пісальнік: ) “Магчыма, існуе жаданьне, каб не спыняць гэтую справу. Бо ўсё паказвала на тое, што яна будзе спынена. На апошніх вочных стаўках з Пажэцкім, Пачобутам і Кеўлякам Богдан ужо ня мог патлумачыць — у чым заключалася запалохваньне. Паводле нашых абаронцаў, гэта магло азначаць, што справа ідзе да прыпыненьня. Але тое, што яе перадалі цяпер у абласную міліцыю, можа азначаць, што існуюць прычыны, каб яе не спыняць”.

***

У крымінальнай справе сьцьвярджаецца, што чатыры актывісты СПБ (на чале з Анжалікай Борыс) з Горадні змушалі дырэктара шчучынскага Дому польскага Віктара Богдана (які ў канфлікце вакол Саюзу палякаў займаў праўладны бок), каб ён выдаў ім ключы ад Дому польскага і пакінуў сваю пасаду.

Справа распачата паводле артыкулу 185 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае максымальнае пакараньне — да двух гадоў абмежаваньня свабоды або гэтак званай “хіміі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG