Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ангела Мэркель і Кандаліза Райс закраналі пытаньне Беларусі


Алена Струвэ, Менск Сёньня ў Бэрліне ў часе першай сустрэчы паміж Бундэсканцлерам ФРН Ангелай Мэркель і Дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс была агучаная і беларуская тэма. Як перадаюць нямецкія інфармацыйныя агенцтвы, абодва бакі былі аднадушныя ў тым, што Нямеччына і ЗША зьяўляюцца блізкімі партнэрамі ў шырокім сэнсе слова – як у пытаньнях эканамічнай, так і палітычнай каапэрацыі. Экспэрты ў пытаньнях Беларусі зьвяртаюць увагу на блізасьць падыходаў Вашынгтону і новага кіраўніцтва ў Бэрліне ў гэтым кірунку, а таксама на пачатак зьменаў у практычнай палітыцы.

Камэнтуючы сёньняшнюю сустрэчу, журналісты штотыднёвіка “Der Spiеgel” пішуць, “размова цягнулася больш чым было заплянавана загадзя – 50 хвілінаў. У выніку склалася ўражаньне, што нягледзячы на цяжкую падставу для сустрэчы – пытаньне пра турмы ЦРУ ў Эўропе – абодва бакі былі задаволеныя сустрэчай”.

У часе размовы былі закранутыя самыя розныя тэмы – барацьба супраць тэрарызму, студзеньскі візыт Ангелы Мэркель у ЗША, трансатлянтычныя дачыненьні. Паводле ініцыятвы Кандалізы Райс на абмеркаваньне былі выстаўленыя таксама пытаньні эўрапейскага суседзтва, палітычнага разьвіцьця ва Ўкраіне і Беларусі.

Як заявіла нямецкім мэдыям Дзяржсакратарка ЗША, гэта былі інтэнсіўныя дыскусіі.

Паводле нямецкіх дыпляматаў, сёньняшняя сустрэча ў Бэрліне мае пэўныя прыкметы зьменаў ў міжнароднай палітыцы Нямеччыны, дэманструе, што новы нямецкі ўрад хоча быць бліжэй да Вашынгтону.

У размове са “Свабодай” амбасадар Ганс-Георг Вік – былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі – зьвярнуў увагу на аднадушнасьць у падыходах амэрыканскіх і нямецкіх палітыкаў што да беларускага пытаньня.

(Вік: ) “Я маю меркаваньне, што цяперашняе нямецкае кіраўніцтва цьвяроза ацэньвае беларускую сытуацыю і адчувае патрэбу ў яе зьменах. У мінулыя часы такога адзінадушша ў падыходах Бэрліна і Вашынгтона не было. Аднак днямі гэта было прадэманстравана ў часе сумеснай заявы ЗША і ЭЗ, што тычыцца зьменаў у беларускім крымінальным кодэксе, а таксама ў часе вітаньня Бэрлінам візыту адказнага амэрыканскага госьця. Гэта знак пачатку зьменаў у практычнай палітыцы. Я спадзяюся на тое, што гэтае супрацоўніцтва паміж Нямеччынай і ЗША, ЭЗ і ЗША будзе такім жа пасьпяховым як паміж ЗША і АБСЭ ў час маёй працы ў Менску”.

Выказваючы сваё асабістае меркаваньне да зьменаў у Крымінальным кодэксе Беларусі, спадар Вік сказаў:

(Вік: ) “Усё гэта застрашальныя захады з боку Лукашэнкі. Ён сьвядома ідзе на запалохваньне насельніцтва і імкнецца дасягнуць гэтага з дапамогай абмежаваньня дэмакратычных свабодаў, абмежаваньня паўнамоцтваў інстытутаў юстыцыі. Ён выкарыстоўвае ўсе магчымыя і немагчымыя сродкі, дзеля таго, каб запалохаць людзей. У яго надзвычайная занепакоенасьць ў зьвязку з будучымі выбарамі. Самае горшае, калі ён вырашыць выкарыстаць зброю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG