Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мілавіцу” перастануць прадаваць на рынках


Юлія Шарова, Менск Бялізна “Мілавіца” ў бліжэйшыя гады можа стаць даражэйшай – кампанія-вытворца лічыць цяпер патрэбным арыентавацца найперш на прадстаўніцаў сярэдняй клясы, якія маюць дастаткова грошай, каб апранацца ў крамах. У сэгмэнце нізкіх коштаў беларусам ужо цяжка канкураваць з кітайцамі, чыя танная прадукцыя запаўняе рэчавыя рынкі.

Сёлета кампанія “Мілавіца” нарасьціла вытворчасьць на 15 адсоткаў і прадала сваёй прадукцыі амаль на 46 мільёнаў эўра.

Пераважная большасьць таго, што выпускае прадпрыемства, ідзе на экспарт, у Беларусі застаецца каля 28% прадукцыі. Са словаў генэральнага дырэктара кампаніі Дзьмітрыя Дзічкоўскага, доля “Мілавіцы” на айчынным рынку каля 30%, і гэта выдатны паказьнік. Але празь некаторы час сытуацыя можа пагоршыцца: у салідныя крамы і ў буцікі пры гіпэрмаркетах будзе трапляць дарагая бялізна. Насельніцтва, чый дабрабыт расьце, пераключыцца на францускую ці італьянскую прадукцыю.

Для “Мілавіцы” ў такім выпадку застанецца толькі рынак, але там падціскаюць кітайцы: цана іхнай прадукцыі надзвычай нізкая, беларусы ня могуць зь імі канкураваць. У кітайцаў у структуры сабекошту прадукцыі заробкі складаюць – каля 5%, у беларусаў – каля 20%. Беларусы ня могуць трымаць на сваім прадпрыемстве сярэдні заробак не вышэй за 150 даляраў і прымушаць людзей працаваць па 60 гадзінаў на тыдзень. У Кітаі такое магчыма, таму й тамтэйшыя тавары гэтулькі танныя.

Ужо цяпер “Мілавіца” ставіць перад сабой задачу пашыраць вытворчасьць, не павялічваючы колькасьць работнікаў. У 2010 годзе ажно 70% усёй прадукцыі будуць шыць на іншых фабрыках – на замову. А на самой “Мілавіцы” работнікаў стане меней, але не за кошт скарачэньняў. Тлумачыць Дзьмітры Дзічкоўскі:

(Дзічкоўскі: ) “Мы два гады таму намецілі праграму пераходу на адназьменны рэжым працы. Тут маса сацыяльных фактараў, эфэктыўнасьць працы. Таму мы сказалі сабе, што вытворчасьць трэба пашыраць у іншых месцах. Ёсьць таксама эканамічны аспэкт – заробкі. Колькасьць застаецца нязьменнай, але зь пераходам на адназьменны рэжым – ён расьцягнуты з 2004 да 2009 году, каб людзі сыходзілі толькі за кошт натуральнага сыходу на пэнсію. Скарачэньняў не было, няма й ня будзе”.

Такім чынам, “Мілавіца” ставіць на мэту прадаваць у Беларусі ды за яе межамі дабротную й нятанную бялізну. Гэтую марку хочуць папросту прыбраць з рынкаў і надаць брэнду рэспэктабэльнасьці. Нядаўна кампанія выпусьціла на рынак яшчэ адзін брэнд – “Алізэ”. Гэта дарагая бялізна, якую шыюць па ліцэнзіі францускай фірмы. Сярэдні кошт аднаго камплекта сягае 100 тысячаў рублёў.

Аднак неўзабаве на рынку павінен зьявіцца зусім новы брэнд – “Авэлін”. Гэта танная, але якасная бялізна, якую будуць прадаваць у гіпэрмаркетах. Плянамі дзеліцца тэхнічны дырэктар кампаніі “Мілавіца” Ірына Кампаненка.

(Кампаненка: ) “Цяпер вырашаем пытаньне, ці кожны выраб будзе на вешалах, альбо кожны выраб будзе ў адмысловай упакоўцы, каб гэта было прадстаўлена цывільна ды каб кожны пакупнік мог у сэрыі гэтых вырабаў выбраць і свой колер, і свой памер, то бок, гэта павінен быць адкрыты продаж”.

Са словаў спадарыні Кампаненкі, сабекошт аднаго бюстгальтэра з гэтай сэрыі будзе складаць тры даляры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG