Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік дзяржсакратара ЗША: “Беларусь вельмі складаная краіна”


Паводле радыё "Эхо Москвы" 2 сьнежня расейская радыёстанцыя “Эхо Москвы” правяла прамы эфір з намесьнікам дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаньнях Нікаласам Бэрнсам. Амэрыканскі дыплямат адказваў на пытаньні слухачоў радыё і вядучага перадачы, кіраўніка радыё “Эхо Москвы” Аляксея Венядзіктава. Прапануем вашай увазе частку размовы, якая тычылася Беларусі.

(Венядзіктаў: ) “Чаму ЗША і дзярждэпартамэнт гэтак востра і рэзка рэагуюць на тое, што адбываецца ў Беларусі? Беларусь ні з кім не ваюе, гэта ўнутраныя праблемы гэтай дзяржавы. Яно будуе сваю палітыку так, як хоча. Так думае шмат расейскіх грамадзянаў. Чаму такая рэакцыя?”

(Бэрнс: ) Мы ня маем нічога супраць беларускага народу. Але мы лічым, што ўрад Беларусі аўтакратычны і недэмакратычны. Ён не дае народу тых правоў, якія дае свайму народу, скажам, расейскі ўрад, ці ўкраінскі, ці латыскі.

Беларусь вельмі складаная краіна, сярод іншых краінаў былога СССР яна – адна зь нешматлікіх, якія зьяўляюцца цалкам дыктатарскай. Мы, аднак, дэмакратычная краіна, гэтак жа, як і Расея, і мы лічым, што людзі павінны быць свабодным. Яны павінны мець свае правы, мець права выказваць тое, што яны думаюць, журналісты павінны мець права пісаць бяз страху перад ўрадам. Цяпер у Беларусі гэтага няма.

Мы маем вялікія сымпатыі да беларускага народу, але мы ня маем добрых адносінаў зь беларускім ўрадам”.

(Венядзіктаў: ) “І гэта ўсё?”

(Бэрнс: ) “А гэта шмат. Калі паглядзець на гэтую частку сьвету, найбольш складаныя адносіны ў нас якраз зь беларускім ўрадам”.

(Венядзіктаў: ) “Гэта дзіўна. Велізарныя Злучаныя Штаты і маленькая Беларусь. І у вас самыя складаныя адносіны. Дзіўна. Здаецца, супернікаў трэба шукаць па плячы – Кітай, Індыя”.

(Бэрнс: ) “Не, таму што гэтыя краіны вельмі адрозьніваюцца адна ад адной. Але ў Індыі паўнапраўная дэмакратыя. Кітай знаходзіцца на шляху рэформаў. У Беларусі гэтага не адбываецца. Беларусь ня робіць ніякіх высілкаў, каб ісьці па шляху рэформаў, каб даць больш свабоды свайму народу. Вельмі шкада такі народ. Беларусь у гэтым сэнсе вельмі адрозьніваецца ад іншых краінаў, якія Вы прыгадалі”.

(Венядзіктаў: ) “Што амэрыканскаму падаткаплацельшчыку, які ня ведае дзе Менск ці Бабруйск, да Беларусі?”

(Бэрнс: ) “Вы зьдзівіцеся, але шмат амэрыканцаў ведаюць геаграфію, памятаюць школьныя ўрокі. Савецкі Саюз быў вельмі важнай краінай у мінулым. Мы шмат ведалі аб гэтым і шмат амэрыканцаў ведаюць, дзе знаходзіцца Менск. Але кожны ўрад павінен трымацца пэўных каштоўнасьцяў. Гэта якраз складае сутнасьць дэмакратычнага ўраду. Трэба за штосьці выступаць, прадстаўляць нейкія каштоўнасьці. Мая краіна прадстаўляе надзею дэмакратыі. Калі мы бачым краіну, якая не зьяўляюцца свабоднай, урад, які прыгнятае свой народ, ці мы павінны маўчаць? Не зьвяртаць увагі? Ці хаця б выказаць падтрымку таму народу, які пазбаўлены правоў. Мы лічым, што правільны крок – гэта выказацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG