Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павінна Беларусь пераймаць кітайскую мадэль разьвіцьця?


Галіна Абакунчык, Менск Падчас наведваньня Кітаю Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна ўлічваць кітайскі досьвед эканамічных і палітычных рэформаў. Ці лічыце вы, што Беларусь мусіць пераймаць кітайскую мадэль разьвіцьця? — пыталася ў людзей на вуліцах Менску наша карэспандэнтка.

(Юнак: ) “Пэўна, у Кітаі ёсьць нейкія посьпехі, але ж не падабаецца палітычная сыстэма, забараняюцца нейкія свабодныя думкі. Да прыкладу, фільтруецца той жа Інтэрнэт — тое, што спрабуюць насадзіць у нас”.

(Спадарыня: ) “Ня маю ніякага панятку пра Кітай, нічога. Пэўна, спачатку трэба ўсё вывучыць, і калі ў іх ёсьць нешта станоўчае, то чаму б і не пераняць”.

(Юнак: ) “Кітайцы ў тэхнічным, эканамічным разьвіцьці лепш выглядаюць за нас, а таму я лічу, што трэба”.

(Спадар: ) “Можа быць, нешта варта ўзяць, аднак шмат што не падабаецца. Да прыкладу, эканоміка: усё таннае, няякаснае, працоўная сіла танная — адпаведна, становішча ў краіне такое ж”.

(Юначка: ) “Гэта дурасьць — пераймаць нейкую мадэль разьвіцьця, бо ў нас такая краіна, а Кітай — гэта ўвогуле нешта… Нешта, можа, і можна пераняць, але цалкам кітайскую мадэль разьвіцьця ў Беларусі не ўяўляю”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці варта Беларусі пераймаць мадэль разьвіцьця Кітаю?”

(Спадарыня: ) “У нас свая мадэль, і няхай Кітай у нас нешта пераймае. Я пакуль за сваю мадэль”.

(Юначка: ) “Я лічу, тое станоўчае, што трэба Беларусі пераняць у Кітаю — гэта культура, трэба наладзіць сувязь у галіне адукацыі. А вось тое, што адмоўнае, дык мне здаецца, што гэта нейкія экалягічныя праблемы, праблемы, зьвязаныя са здароўем, і гэтак далей”.

(Спадар: ) “Не, мне не падабаецца кітайская мадэль. Мы эўрапейская краіна і павінныя браць прыклад з эўрапейскіх краінаў, а не з Кітаю”.

(Спадар: ) “Ні ў якім разе. Бо я працую з прафсаюзамі і ведаю, як парушаюцца правы прафсаюзаў і правы чалавека ў Кітаі. Пра гэта ўвесь час гаворыць уся міжнародная супольнасьць. І потым, той факт, што цяпер афіцыйныя ўлады Беларусі падтрымліваюць палітыку Кітаю адносна Тайваню — гэта недапушчальна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG