Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як камэнтуюць папраўкі да Крымінальнага кодэксу ў Літве?


Тацяна Поклад, Вільня У Літве палітыкі камэнтуюць апошнія папраўкі да Крымінальнага кодэксу Беларусі і разважаюць адносна накірункаў у дачыненьнях зь Беларусьсю.Старшыня камітэту замежных справаў Сойму, сацыял-дэмакрат Юсьцінас Каросас заявіў, што для дэмакратызацыі Беларусі патрэбны і дыялёг з афіцыйным Менскам. Літоўскі эўрапарлямантар Вітаўтас Ландсбергіс лічыць, што падобны дыялёг толькі умацоўвае Лукашэнку у яго дыктатарскіх кроках.

У парлямэнцкім камітэце замежных справаў абмяркоўвалася пазыцыя Літвы у дачыненьні да Беларусі у кантэксце Эўразьвязу і НАТО. Сябры гэтага камітэту прадстаўляюць розныя фракцыі у Сойме і, адпаведна, розныя пазыцыі. Старшыня камітэту Юсьцінас Каросас кажа, што Літва і Беларусь – блізкія суседкі і супрацоўніцтва, асабліва у вырашэньні гаспадарчых справаў, непазьбежнае. Каросас заявіў у інтэрвію Літоўскаму нацыянальнаму радыё:

(Каросас:) “Мы -- у двухсэнсоўнай сытуацыі, паколькі пазыцыя Эўразьвязу -- ігнараваць палітычныя улады Беларусі, абраныя не паводле дэмакратычных стандартаў. З іншага боку, мы маем гаспадарчыя кантакты, і з беларускімі прадстаўнікамі кантактуем у неафіцыйным, нефармальным асяродзьдзі. Трэба мець дачыненьні і з палітычнай уладай, паколькі палітычная улада мае у сваіх руках усю гаспадарку, усю эканоміку. Так што будзем шукаць спосабы кантактаваць і з афіцыйнай уладай, але маючы на мэце усё-такі гэтую уладу дэмакратызаваць”.

1-2 сьнежня у Менску адбылося паседжаньне “Двухбаковай камісіі гандлёвага і эканамічнага супрацоўніцтва Літвы і Беларусі”, на якой абмяркоўваліся пытаньні пашырэньня эканамічнага супрацоўніцтва. Гэтая камісія існуе ад 1995 г. і адзін-два разы год зьбіраецца на паседжаньні, на якіх прымаюцца пратакольныя рашэньні. Беларусь у ліку іншых гандлёвых партнэраў Літвы паводле гандлёвага звароту у 2005 г. (студзень – верасень) у экспарце была на 12 месцы, імпарце – на 16 месцы.

Тым часам літоўскі эўрапарлямантар, адзін з лідэраў кансэрватараў, Вітаўтас Ландсбергіс, перакананы, што “размовы пра любога кшталту дыялёг з афіцыйнымі беларускімі уладамі толькі заахвочваюць Лукашэнку у далейшых захадах па умацаваньні дыктатуры.” В.Ландсбергіс сказаў у інтэрвію для радыё “Свабода” таксама, што “апошнія папраўкі у Крымінальны кодэкс Беларусі – гэта вяртаньне сталінізму”:

(Ландсбергіс:) “Беларускія улады зрабілі яшчэ адзін вялікі крок у накірунку самаізаляцыі, да закрытага грамадзтва. Беларусь – экспэрымэнтальная пляцоўка па стварэньню дыктатуры, спачатку антыдэмакратычныя крокі робіць Беларусь, пасьля – Расея. Беларускі рэжым робіцца усё больш карыкатурным. Вядома, беларускі народ не вінаваты у гэтым – некалі беларусы паверылі Лукашэнку, а цяпер ня маюць сілаў яго спыніць. Рэжым цяпер спрабуе вінаваціць беларускія дэмакратычныя сілы ці не у тэрарызьме – але гэта і ня дзіўна, як і у сталінскія часы словы ужываюцца цалкам у адваротным значэньні: сябе дыктатура называе дэмакратыяй, а дэмакратычныя краіны – буржуазнай дыктатурай. Гэта часы, якія апісаў Оруэл, і адпаведна, “слоўнік Оруэла”. Усё гэта вельмі цяжкае выпрабаваньне для тых беларусаў, якія думаюць свабодна і любяць сваю краіну, іх цяпер за гэта зробяць злачынцамі, -- але злачынцамі ёсьць тыя, хто прымае падобныя законы.”

Літоўскі эўрапарлямантэр В.Ландсбергіс адзначыў таксама, што цяпер з боку Эўразьвязу варта чакаць больш жорсткія санкцыі супраць дыктатарскіх уладаў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG