Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Літвы абвяргае інфармацыю Беларускага тэлебачаньня


Валер Каліноўскі, Менск Літоўская амбасада сёньня выступіла з заявай для прэсы ў сувязі з рэпартажам аб чэргах ля літоўскай амбасады ў перадачы “У цэнтры ўвагі” Першага нацыянальнага каналу Беларускага тэлебачаньня.

У сваім рэпартажы Беларускае тэлебачаньне паведамляла пра вялікія чэргі беларускіх грамадзян ля консульскага аддзела амбасады Літвы ў Менску, зазначала, што людзі там літаральна начуюць і вымушаныя адзначацца два разы на дзень, ды што амбасада не прадпрымае ніякіх захадаў для выпраўленьня гэтай сытуацыі.

У прыватнасьці, у сюжэце БТ прагучала, што консульскі аддзел літоўскай амбасады прымае ў дзень дакумэнты на візы толькі ад 40 чалавек. Прагучала крытыка і на адрас консула, што ён нібыта праводзіць без чаргі сваіх людзей і прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.

У Літоўскай амбасадзе адмовіліся камэнтаваць танальнасьць і высновы Беларускага тэлебачаньня, засяродзіўшы ўвагу на фактах. Гаворыць супрацоўніца літоўскай амбасады Крысьціна Паканітэ:

(Паканітэ: ) “Мы не абвяргаем, што ёсьць чэргі, але зазначаем, што сказанае ў рэпартажы – няпраўда: што амбасада нібыта прымае па сорак чалавек на дзень, і што ім падаецца, што гэтыя чэргі штучна створаныя. Гэта няпраўда, бо штодня выдаецца каля 600 візаў”.

У амбасадзе Літвы таксама зазначылі, што нядаўна запрашалі прадстаўнікоў беларускіх турыстычных фірмаў, якім тлумачылі пляны паляпшэньня візавага абслугоўваньня беларускіх грамадзян і пашырэньня консульскага аддзелу. Адпаведны праект рыхтуецца, і ён будзе рэалізаваны ў 2006 годзе, верагодна, да пачатку летняга турыстычнага сэзону.

Прычына чэргаў, на думку спадарыні Паканітэ, – зьмяншэньне кошту літоўскіх візаў да 5 эўра, якое адбылося сёлета. У выніку колькасьць людзей, якія падаюць дакумэнты на атрыманьне літоўскай візы, падвоілася ў параўнаньні зь мінулым годам, а колькасьць супрацоўнікаў консульства не зьмянілася. І тым ня меней сёлета ў летні пік турыстычнага сэзону амбасада выдавала да 1000 віз на дзень, паведаміла супрацоўніца амбасады Літвы ў Менску Крысьціна Паканітэ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG