Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Хома: “Імідж БДЭУ ад гэтага пацярпеў – гэта дакладна”


Сьвятлана Курс, Менск 2 сьнежня Эўрапейская асацыяцыя ўнівэрсытэтаў прыпыніла супрацоўніцтва з БДЭУ ў сувязі з загадам рэктара Ўладзімера Шымава выключыць студэнтку 4 курса Тацяну Хому за ўдзел у сустрэчы нацыянальных студэнцкіх зьвязаў Эўропы (ESIB) у Францыі без дазволу ўнівэрсытэту.

Эўрапейская асацыяцыя ўнівэрсытэтаў, якая паўстала ў 1988 і налічвае сяброў зь дзясяткаў краінаў сьвету, прыпыніла супрацоўніцтва з БДЭУ і заклікала сваіх сяброў (сярод якіх UNESCO, «Міжнародная адукацыя», Эўрапейскі моладзевы форум ды іншыя) "падтрымаць кампанію ESIB па аднаўленьні Тацяны Хомы ва ўнівэрсытэце і магчымасьці працягнуць заняткі і іншую дзейнасьць свабодна ад імя студэнтаў, без прыніжэньня".

Рэктар БДЭУ Ўладзімер Шымаў адлічыў студэнтку за трохдзённую адсутнасьць: спадарыня Хома ад’яжджала ў Францыю, дзе яе абралі ў кіраўніцтва Зьвязу нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў. Тацяна Хома лічыць прыналежнасьць да ЭАУ паказьнікам дачыннасьці да эўрапейскага адукацыйнага працэсу. Дагэтуль толькі БДУ і БДЭУ маглі спадзявацца на такую супрацу.

(Хома: ) “Гэта ёсьць паказьнікам прызнанасьці беларускіх унівэрсытэтаў у эўрапейскай акадэмічнай супольнасьці падчас ізаляванасьці Беларусі наогул. Гэта давала магчымасьць наладжваць акадэмічныя кантакты і ўвогуле супрацоўнічаць з эўрапейскімі ўнівэрсытэтамі. Я не магу сказаць, наколькі прыпыненьне супрацоўніцтва зашкодзіць унівэрсытэту, але што ягоны імідж пацярпеў – гэта дакладна”.

Яшчэ 25 лістапада, калі Тацяне Хоме пагражала адлічэньне з унівэрсытэту, прэзыдэнт ЭАУ прафэсар Георг Вінклер ад імя асацыяцыі накіраваў ліст рэктару БДЭУ прафэсару Уладзімеру Шымаву. У гэтым лісьце прафэсар Вінклер заклікаў кіраўніцтва БДЭУ паважаць фундамэнтальны прынцып Асацыяцыі: гарантаваць студэнцкую свабоду.

30 лістапада прафэсар Вінклер зноў напісаў рэктару Шымаву, паведаміўшы, што ЭАУ будзе вымушанае спыніць супрацоўніцтва з БДЭУ. У адказ кіраўніцтва БДЭУ заявіла, што выключэньне Тацяны Хома адпавядае нормам заканадаўства Рэспублікі Беларусь і студэнтка Хома адлічаная з-за парушэньня правілаў унівэрсытэту. Рэктар Шымаў адмовіўся скасаваць сваё рашэньне. Рэктар нават ня выклікаў Тацяну Хому для гутаркі, хаця за ўсе гады навучаньня яна выдатна вучылася і ня мела спагнаньняў.

Пакуль няма афіцыйнай рэакцыі кіраўніцтва БДЭУ на прыпыненьне супрацоўніцтва з ЭАУ.

Справа Тацяны Хома выклікала шырокі міжнародны рэзананс. За яе разьвіцьцём сочыць офіс АБСЭ. З падтрымкаю выступілі каля 6 тысяч студэнтаў з 40 краінаў сьвету.

Тым часам Тацяна Хома падала скаргу ў Міністэрства адукацыі на дзеяньні рэктара.

Гл. таксама • Эўрапейская асацыяцыя ўнівэрсытэтаў прыпыніла сяброўства БДЭУ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG