Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я зьехаў зь Беларусі не таму, што хітры, а таму, што хачу жыць”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

“Ці праўда, што ў Беларусі хутка будуць саджаць “за палітыку” — за тое, што крытыкуеш уладу?”— вось пытаньне, якое ў гэтыя дні часта можна пачуць на вуліцы, у грамадзкім транспарце, у кавярні. Задаюць такія пытаньні і нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду”. Вось што піша з гэтай нагоды Алег Багданец з Гомелю:

“Цікава, а самі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія галасавалі за гэтыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, не баяцца, што заўтра іх не абвінавацяць у “дыскрэдытацыі радзімы” — за тое, напрыклад, што яны дазволілі сабе падчас нейкай міжнароднай нарады крытыку на адрас беларускага ўраду? А што чакае таго, хто публічна раскажа анэкдот пра Лукашэнку? Напрыклад, нядаўна розныя анэкдоты пра Пуціна, Лукашэнку, Кучму, Буша ды іншых палітыкаў я чуў на расейскім тэлеканале НТВ з вуснаў вядомых расейскіх актораў — Басілашвілі, Міхалкова, Панкратава-Чорнага, Ярмольніка… Цікава, ім цяпер варта апасацца, што пры перасячэньні расейска-беларускай мяжы іх могуць пацягнуць у кутузку?”

Цяперашнія беларускія дэпутаты, спадар Багданец, нячаста бываюць за мяжой, на міжнародных нарадах. А калі і бываюць, то ніхто зь іх не адважыцца крытычна выказацца наконт стану спраў у Беларусі. Гэта за апошнія гады шматразова засьведчана. Тыя дэпутаты, якія калісьці мелі пункт гледжаньня, адрозны ад пункту гледжаньня кіраўніка дзяржавы, страцілі ня толькі свае дэпутацкія мандаты, але і працоўныя месцы, а некаторыя нават і асабістую свабоду.

Што да анэкдотаў пра Лукашэнку… Калі вы заўважылі, публічна ў Беларусі яны ўжо даўно не гучаць. Ды і ў прыватных размовах ня кожны адважыцца расказваць іх, асабліва ў малазнаёмай кампаніі. Іншая рэч — расейскія тэлеканалы. Там у параўнаньні зь беларускім тэлебачаньнем росквіт дэмакратыі і свабоды слова. Але трансьляцыя іх на Беларусь з году ў год скарачаецца: іхныя праграмы ўсё больш актыўна замяняюцца прадукцыяй менскіх тэлевізійшчыкаў.

Наступны ліст — ад нашага даўняга слухача і сябра Антося Толы зь вёскі Мікулічы Баранавіцкага раёну. Як і многія іншыя ўдзельнікі Клюбу сяброў “Свабоды”, спадар Тола нядаўна атрымаў кнігі выбраных перадачаў, якія гучалі на нашым радыё.

“Вельмі ўдзячны вам за гэтыя кнігі. Я ня толькі прачытаў іх сам, але і даў пачытаць сваім сябрам. А за гэта атрымаў у часовае карыстаньне прыймач “Акіян 245”, які вельмі добра прымае “Свабоду”. У мяне ёсьць уласны прыймач маркі “Фёрст Аўстрыя”, але зь ім нямала клопату, ня дужа высокай ён якасьці. Некаторыя перадачы “Свабоды” я раней запісваў з прыймача на дыктафон, які мне прывёз з Масквы і падараваў адзін сябра. Потым слухаў сам і даваў паслухаць іншым — асабліва падчас доўгага чаканьня аўталаўкі, калі зьбіраецца шмат знаёмых людзей.

Вакол майго хутару тры вёскі — Мікулічы, Парэчча і Саленікі. Пакупнікі з задавальненьнем слухалі расповед пра падарожжы Ягора Маёрчыка: усім цікава, як там жывуць у іншых беларускіх вёсках. Але, калі я ўключыў “Званкі на Свабоду”, да мяне наблізіўся мясцовы пэнсіянэр — мажнага стану дзядзька. Пачаў лаяцца, абзываць дысыдэнтам, махаць рукамі. Дыктафон упаў на асфальт і перастаў працаваць. Жанчыны, якіх была большасьць, заступіліся за мяне, пачалі ўшчуваць апантанага прыхільніка рэжыму”.

Далей у сваім лісьце Антось Тола выказвае наступную прапанову:

“Добра было б, каб “Свабода” хоць адну гадзіну працавала ў дзённы час — прыкладна ад 12-й да 14-й гадзіны. У гэтую пару большасьць вяскоўцаў па ўсёй Беларусі чакаюць аўталаўкі. Звычайна зьбяруцца ў адной хаце, адкуль відаць прыпынак. Хто вяжа шкарпэткі, хто спрачаецца пра кошты, якія галёпам апярэджваюць інфляцыю. А прыймачы ў многіх ёсьць. Удзень на сярэдніх хвалях перашкоды ў эфіры амаль адсутнічаюць. У той час як пасьля 22-й гадзіны людзі ўжо сьпяць альбо глядзяць тэлебачаньне”.

Вельмі цікавая гісторыя, спадар Тола, і вартая ўвагі прапанова. Мы яе ўважліва вывучым, абмяркуем і, магчыма, улічым у далейшым плянаваньні свайго раскладу вяшчаньня. Але пакуль што нашы хвалі і частоты застаюцца ранейшымі. Вам, спадар Тола, як і ўсім іншым удзельнікам Клюбу сяброў “Свабоды”, мы ў блізкім часе дашлем нядаўна выдадзеныя каляндарыкі зь зімовым раскладам, праграму перадач і некаторыя іншыя сувэніры. Вялікі дзякуй вам за актыўнасьць і нераўнадушнасьць.

У аглядзе пошты 27 лістапада я цытаваў ліст Леаніда Дубка са Слуцку, у якім слухач, у прыватнасьці, пісаў:

“Апазыцыянэраў хутка зусім не застанецца. Усе хітрэйшыя даўно зьехалі за мяжу. А хто застаўся — кінулі палітыку, паслухмяна працуюць на дзяржпрадпрыемствах і ва ўстановах і дрыжаць, каб гэтай працы ня страціць. Тыя, што яшчэ трапечуцца — праставатыя дзівакі, якім няма чаго губляць і няма за каго баяцца. У іх, як правіла, ні працы, ні сям’і… Але няўжо можна ўсур’ёз думаць, што за імі пойдуць людзі?”

На гэтыя папрокі Леаніда Дубка адклікнуўся электронным лістом Васіль Ігнаценка — былы віцебскі актывіст апазыцыі, якія цяпер жыве за мяжой (праўда, у лісьце не паведамляецца, дзе канкрэтна). Спадар Ігнаценка піша:

“Асабіста я не таму зьехаў, што хітры, а таму, што хачу жыць. І мая сям’я таксама хоча жыць. За 2003 год у мяне было 16 судоў за выбары, а ў жонкі — 8 судоў! Як можна вытрываць такі прэс? І дзе знайсьці час, каб зарабіць грошай, накарміць сям’ю? Я ня робат з жалезнай праграмай, а звычайны чалавек, які мае нэрвы, сэрца, хоча вырасьціць і выхаваць сваіх дзяцей, прычым — патрыётамі Беларусі. А наконт беларускай мовы — тут усё зразумела, няма аб чым і размаўляць. Людзі бяз Бацькаўшчыны, без сумленьня, падкантрольныя Маскве ніколі ня будуць падтрымліваць разьвіцьцё нацыянальнай мовы. Яна не патрэбна ў расейскай калёніі”.

Вашыя словы, спадар Ігнаценка, зусім не супярэчаць таму, пра што напісаў Леанід Дубок са Слуцку. Так, апазыцыйным актывістам даводзіцца сутыкацца з жорсткім супрацьдзеяньням з боку мясцовых уладаў. Асабліва гэта ўласьціва для рэгіёнаў — невялікіх пасёлкаў, райцэнтраў. Там людзі адчуваюць сябе надзвычай залежнымі ад мясцовых чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстановаў. Найменшая праява неляяльнасьці можа стаць падставай для звальненьня з працы, а новую работу ў невялікім пасёлку знайсьці, здараецца, немагчыма. Асабліва калі тваё прозьвішча ўключана ў “чорны сьпіс” раённага начальства.

Хоць, зрэшты, здараліся і такія выпадкі, калі ў апазыцыю ішлі людзі, якія загадзя разьлічвалі на тое, што празь некалькі месяцаў ці гадоў іхная апазыцыйная актыўнасьць дапаможа перасяленьню і ўладкаваньню ў якой-небудзь заходняй краіне. У любым выпадку, зьява, пра якую напісаў Леанід Дубок са Слуцку, рэальная: тысячы ўчорашніх апазыцыйных актывістаў сёньня разам са сваімі сем’ямі жывуць на Захадзе.

На заканчэньне — урывак зь ліста Алены Дамбоўскай зь Ліды. Слухачка піша:

“Кожны вечар, гледзячы тэлевізар, бачу, якое цудоўнае ў нас жыцьцё, якая мудрая і клапатлівая ўлада, як усё лепш жывуць людзі. І сама ў сябе пытаюся: “Чаму ж у мяне ўсё ня так, як у тэлевізары?” Пэнсіі не хапае нават на самае сьціплае харчаваньне; сын каторы месяц ня можа знайсьці працы; у паліклініцы бяз хабару на цябе нават глядзець ня хочуць. Можа, гэта я адна такая, а наўкол усё квітнее? Толькі вось чамусьці і суседзі мае, і знаёмыя, і сваякі гавораць пра сваё жыцьцё зусім не такімі словамі, як у тэлевізары. Мне ўжо нямала гадоў, падмануць мяне цяжка. Адчуваю: ня бачыла я добрага жыцьця, і ўжо не дачакаюся. Вось толькі шкада дзяцей ды ўнукаў”.

Такія ж пытаньні, спадарыня Дамбоўская, задаюць сабе сотні тысяч людзей. Але нямала і іншых — тых, для каго гэта звыклая сытуацыя. За шклом тэлеэкрана — заможныя і шчасьлівыя перадавікі вытворчасьці, уздым эканомікі і рост дабрабыту, а за вокнамі ўласнай кватэры ці хаты — жабракі, занядбаны калгас і безнадзейнасьць. Некалькі пакаленьняў былых савецкіх грамадзянаў нараджаліся, жылі і паміралі ва ўмовах гэтай супярэчнасьці, і нават не лічылі яе чымсьці надзвычайным. Як паставяцца да яе новыя пакаленьні беларусаў? Думаю, рана ці позна яны ўсё ж захочуць бачыць па тэлевізары тое, што адбываецца наўкол іх у рэальным жыцьці.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Павал Мікалаюк зь Берасьця, Віталь Пішчык з Наваградку, Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну, Ільля Копыл зь Менску і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG