Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скончылася масавая галадоўка у Ваўкавыску


Сяргей Астраўцоў, Горадня Шэсьць галадоўнікаў спынілі сваю акцыю салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам, якая цягнулася з 14 лістапада. Яны сабралі подпісы пад зваротам да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі з просьбай зьмяніць меру стрыманьня Мікалаю Аўтуховічу, які знаходзіцца за кратамі.

У галадоўцы ўдзельнічалі беспрацоўны Уладзімір Асіпенка, сакратар фірмы “Ніка-транс” Людміла Парэмбская, прадпрымальнік Анатоль Дзешка і тры кіроўцы - Іван Янушкевіч, Міхаіл Семярыч і Дзьмітры Лянкевіч, якія працуюць на машынах прадпрымальніка Аўтуховіча. Гаворыць Уладзімір Асіпенка:

(Асіпенка:) “Я там зрабіў заяву, адправіў Савельеву і ў “Местную газету”, дзе яна будзе апублікаваная - аб прычыне, чаму мы спыняем галадоўку. Далей, мы сабралі 377 подпісаў жыхароў гораду Ваўкавыску, якія падпісаліся пад зваротам да прэзыдэнта аб тым, каб Аўтуховічу была зьмененая мера стрыманьня. Зварот сёньня накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта”.

Савельеў — гэта старшыня Ваўкавыскага райвыканкаму, а “Местная газета” — незалежны тыднёвік, які выходзіць у Ваўкавыску.

У заяве былых галадоўнікаў напісана, што іхняя акцыя прайшла незаўважанай мясцовымі ўладамі і дактарамі: “За 20 дзён ніхто не пацікавіўся нашым здароўем, ня кажучы ўжо пра тое, каб зрабіць нейкія захады для выкананьня нашых патрабаваньняў. Мы зразумелі на прыкладзе Аўтуховіча, які галадае ў турме больш за 50 дзён, пра што ведае ўся краіна, што нашыя лёсы гэтым кіраўнікам абыякавыя”. Удзельнікі галадоўкі лічаць, што здароўе ім яшчэ спатрэбіцца, каб дапамагчы Мікалаю Аўтуховічу, які 52 дні таму абвясьціў галадоўку за кратамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG