Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля 10 гадоў працы нямецкія інвэстары могуць пакінуць СП “Цэйс-БелОМА”


Ігар Карней, Менск Юбілейны, дзесяты год працы сумеснага беларуска-нямецкага прадпрыемства “Цэйс-БелОМА” можа стаць і апошнім. Як паведамілі ў адміністрацыі СП, галіновыя міністэрствы – прамысловасьці і эканомікі – даслалі рашэньне аб папярэдняй адмове прадпрыемству ў арэндзе вытворчых плошчаў. Іншымі словамі, пасьля 5 сьнежня арэнда лічыцца несапраўднай. Цікава, што кіраўнік “Цэйс-БелОМА” Увэ Кёлер уваходзіць у групу “падтрымкі станоўчага іміджу Беларусі” у дзяржаўнай Каардынацыйнай радзе па замежных інвэстыцыях.

Паколькі адзін з заснавальнікаў СП – Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне (БелОМА) – падпарадкоўваецца Міністэрству прамысловасьці, дырэктывы галіновых ведамстваў, уключна з распараджэньнямі Міністэрства эканомікі, мусіць выконваць і другі заснавальнік – нямецкая фондавая ўстанова “Карл Цэйс”. У адміністрацыі СП “Цэйс-БелОМА” патлумачылі: дагэтуль плошчы, якія займала прадпрыемства, знаходзіліся ў статутным капітале. Тэрмін правакарыстаньне імі заканчваецца 5 сьнежня, пасьля чаго плошчы павінны быць здадзеныя ў арэнду. Аднак нечакана ўзьніклі складанасьці, і па кансультацыі кіраўнік СП Увэ Кёлер ад’ехаў у Нямеччыну.

(Супрацоўніца офісу: ) “Так, сапраўды склалася такая сытуацыя. Доктар Увэ Кёлер у гэты момант знаходзіцца ў Нямеччыне і вернецца толькі 8 сьнежня. Тады больш канкрэтна можа штосьці і скажа. Увогуле сытуацыю спрабуе нейкім чынам вырашыць наш заснавальнік з боку “БелОМА”, але справа на стадыі вырашэньня і канчатковага выніку няма. Праблема ня вырашаная і зараз усё залежыць ад Міністэрства прамысловасьці”.

Спроба высьветліць падрабязнасьці ў куратараў галіны – Міністэрствах прамысловасьці і эканомікі – засталіся збольшага бяз плёну. Там толькі гавораць, што сытуацыя не такая радыкальная, як падаецца нямецкаму боку. Гаворыць прадстаўніца Міністэрства эканомікі Натальля Пацэйка.

(Пацэйка: ) “Я вывучала гэтае пытаньне, і нашыя спэцыялісты сказалі: канечне, усё не зусім так пададзена. Не зусім так. Але магу сказаць, што вельмі добра валодае гэтым пытаньнем дэпутат Васіль Хрол. Таму, каб не скажаць усё праз кагосьці, і паколькі ён удзельнік адпаведных падзеяў, то ведае сытуацыю і раскажа, як было. Дый нашыя супрацоўнікі, зя якімі давялося пагаварыць, кажуць, што не зусім так усё катэгарычна”.

Зьяўленьне ў справе прозьвішча Васіля Хрола падалося нечаканым. Але паколькі дэпутат Хрол з Радыё Свабода размаўляе залежна ад настрою, таму я зноў злучыўся з офісам СП “Цэйс-БелОМА”. Пытаньне адно: чые інтарэсы ў дадзеным выпадку абараняе спадар Хрол?

(Супрацоўніца офісу: ) “Увэ Кёлер – сябра Каардынацыйнай рады ў замежных інвэстыцыях, у групе выпрацоўкі іміджу Беларусі. Можа там яны і пазнаёміліся, калі ён расказаў пра нашы праблемы. А паколькі гэты Хрол быў тут, бачыў нашае прадпрыемства і чым мы займаемся (ён нібыта з гэтым асабіста знаёмы, бо, як кажуць, сам з заводу Вавілава), то ня ведаю, на колькі ён лабіруе чыісьці інтарэсы, але ня выключана, што якуюсьці падтрымку са свайго боку і спрабуе аказаць. Але пакуль што ўсюды нейкае напружаньне”.

Крыху больш за тыдзень таму ў Менску праходзіў форум “Эўрапэйскае суседзтва Нямеччыны i Беларусi: зьнешняя палiтыка, эканомiка, грамадзтва”. Сытуацыя вакол “Цэйс-БелОМА” хоць і не ўздымалася, але шмат гаварылася пра праблемы, зь якiмi ўвогуле сутыкаюцца нямецкія бiзнэсоўцы ў Беларусi. Гэта і неспрыяльны iнвэстыцыйны клiмат, і несувымернае прыбыткам падаткаабкладаньне, і непастаянства заканадаўства, і пагроза апошняга часу – “залатая акцыя”...

Гэта ў поўнай ступені адчулі на сабе і тыя нямецкія бізнэсоўцы, якія ў 1995 годзе на базе Менскага механічнага заводу імя Вавілава (пазьней – БелОМА) вырашылі стварыць сумеснае прадпрыемства ў галіне оптыкі і оптаэлектронікі. Дарэчы, паводле статыстычных дадзеных, за дзесяцігодзьдзе нямецкі бок інвэставаў 15 мільёнаў эўра ў абсталяваньне і стварэньне вытворчых магутнасьцяў “Цэйс-БелОМА”. Аднак аргумэнтаў на карысьць далейшай працы ў Беларусі з улікам досыць высокай эканамічнай рызыкі ў штаб-кватэры “Карл Цэйс” у Абэркохкне прыводзіцца ўсё менш. Прынамсі, ужо заяўлена, што частка бізнэсу паступова пераводзіцца ў іншыя краіны – перадусім, у Кітай. І тое, што кіраўнік СП Увэ Кёлер ёсьць сябрам Каардынацыйнай рады ў замежных інвэстыцыях, у дадзенай сытуацыі ўспрымаецца як нейкая насьмешка над інвэстыцыйным кліматам сучаснай Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG