Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю ў Казахстане адбудуцца прэзыдэнцкія выбары


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Мяркуецца, што зь вялікай перавагай пераможа цяперашні кіраўнік краіны Нурсултан Назарбаеў і што ён будзе кіраваць і наступныя сем гадоў. Паводле аналітыкаў, ніводзін з кандыдатаў ад апазыцыі ня змог кінуць яму сур’ёзнага выкліку. Але застаецца пытаньне - ці будуць выбары свабоднымі і справядлівымі.

Казахскія ўлады, баючыся “каляровых” рэвалюцый, запабеглі іншадумству. “Я буду галасаваць за стабільнасьць, я буду галасаваць за Назарбаева”, -- такое меркаваньне, паводле апошніх афіцыйных апытаньняў, выказалі прыблізна 70 працэнтаў выбарцаў. Каманда 65-гадовага Назарбаева, які кіруе краінай ад 1989 году, у часе перадвыбарчай кампаніі рэклямавала мір, стабільнасьць і эканамічны рост як свае галоўныя дасягненьні. Яны таксама казалі, што каляровыя рэвалюцыі ва Ўкраіне, Грузіі і Кіргізстане прывялі да нестабільнасьці ў гэтых краінах. Гэтая тактыка выглядае эфэктыўнай, бо паводле абнародаваных учора вынікаў апытаньняў, аж 82 працэнты рэспандэнтаў перакананыя, што “жыцьцё ў Казахстане лепшае, чым у суседніх краінах”.

Чатыром іншым кандыдатам цяжка было што-небудзь супрацьпаставіць Назарбаеву. Жармахан Туякбай ад аб’яднанай апазыцыі, Аліхан Байменаў – лідэр апазыцыйнай партыі “Ак жол” (Белы шлях), прадстаўнік камуністаў Ерасыл Абылкасымаў і вядомы абаронца навакольнага асяродзьдзя Мэлс Еляўсізаў не пагаджаюцца з дадзенымі сацыёлягаў. Паводле каманды Туякбая, 60-65 працэнтаў электарату зьбіраюцца галасаваць за яго. Усе кандыдаты ад апазыцыі крытыкуюць рэжым Назарбаева за карупцыю і скардзяцца, што СМІ і ціск уладаў схілілі выбарчую кампанію на карысьць старога лідэра.

Тым часам улады запэўніваюць, што галасаваньне 4 сьнежня будзе самым празрыстым і самым свабодным у гісторыі краіны. Але ўсе мінулыя выбары ў постсавецкім Казахстане крытыкаваліся міжнароднымі арганізацыямі, уключна з АБСЭ. За галасаваньнем у гэтую нядзелю будуць сачыць болей як 1400 замежных назіральнікаў. Аднак, сярод іх ня будзе назіральнікаў ад Арганізацыі ў назіраньні за выбарамі ад СНД, якую казахскія ўлады пазбавілі акрэдытацыі за іх крытычныя высновы ў ацэнцы перадвыбарчай кампаніі. Аналітыкі падкрэсьліваюць, што такім чынам казахскія ўлады пазбавіліся ад “непрыемных” назіральнікаў. Таксама ўлады, баючыся экспарту колеравых рэвалюцый, напярэдадні галасаваньня выслалі з краіны шмат замежнікаў, найперш, украінцаў і кіргізаў.

Апазыцыйныя кандыдаты заяўляюць, што яны выведуць людзей на вуліцы, калі ўлады паспрабуюць украсьці выбары. І, на думку незалежных экспэртаў, гэта зусім верагодна. Іншая справа, гэта наўрад ці прывядзе да зьмены рэжыму, бо апазыцыя ня мае магчымасьцяў арганізаваць адзін вялікі “майдан”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG