Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палякі спрабавалі абмінуць дазвол на выезд


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Палякі кажуць, што ў камуністычныя часы, улада ПНР цалкам кантралявала паездкі сваіх грамадзянаў за мяжу і калі нехта, прыкладам, крытыкаваў сытуацыю ў сацыялістычнай айчыне, дык яму проста не дазвалялі выехаць за мяжу.

У Польшчы галоўны дакумэнтам-пасьведчаньне асобы гэта так званы “довуд асабісты” – нешта накшталт унутранага пашпарту, зь якім, аднак, у камуністычныя часы нельга было выехаць за мяжу. Для замежных паездак трэба было атрымаць адмысловы пашпарт. Успамінае выкладчык адной з варшаўскіх ВНУ Матэўш Хачыкоўскі.

(Хачыкоўскі: ) “Трэба было падаць заяву на атрыманьне пашпарту. Калі ўлады спраўдзілі цябе і вырашылі, што можна выпусьціць за мяжу – тады давалі пашпарт, але пасьля вяртаньня з-за мяжы, трэба было цягам тыдня зноў здаць яго ў адпаведную ўстанову”.

Паводле спадара Хачыкоўскага, улады ПНР цалкам кантралявалі і прыватныя, і службовыя паездкі грамадзянаў.

(Хачыкоўскі: ) “Былі пашпарты прыватныя і службовыя. Калі, прыкладам, нехта ехаў за мяжу ад прадпрыемства, дык атрымліваў пашпарт службовы. Але дастаткова было выступіць, прыкладам, на сходзе з крытыкай адміністрацыі прадпрыемства, ці не прыйсьці на першамайскую дэманстрацыю, каб ніколі такі пашпарт не атрымаць. Сытуацыя ў Беларусі пачынае мне нагадваць тое, што было ў нас”.

Між тым шэраг палякаў спрабавалі атрымаць пашпарт, прыкладам, актыўна займаючыся спортам. У гэтым, як лічаць адмыслоўцы, сакрэт посьпехаў польскіх брыджыстаў. Гаворыць пераможца алімпійскіх гульняў, чэмпіянату сьвету і Эўропы ў гэтым спорце Кшыштаф Мартэнс.

(Мартэнс: ) “Брыдж быў вакном у сьвет. Шмат разумных, таленавітых людзей гралі, каб мець магчымасьць выехаць за мяжу. Адны вярталіся, іншыя не. Гэта можна параўнаць з сытуацыяй у некаторых былых рэспубліках Савецкага Саюзу”.

Былы эмігрант і супрацоўнік польскай службы Радыё Свабода/Свабодная Эўропа Юзэф Рушар, таксама кажа, што з камуністычнай Польшчы цяжка было выехаць, але ўлада, аднак, ня можа трымаць грамадзянаў у такіх умовах працяглы час.

(Рушар: ) “Я жадаю ўсім беларусам, каб яны маглі свабодна езьдзіць па сьвеце – і так будзе. Я таксама ня мог выехаць, а потым доўгі час быў эмігрантам і ведаю, што гэта такое. Думаю, у наш час такія забароны ня маюць шансаў – жадаю, каб іх не было”.

Цяпер любы паляк без праблемаў можа атрымаць пашпарт, а для паездак па тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу гэты дакумэнт увогуле непатрэбны – дастаткова калі ёсьць звычайны ўнутраны “довуд асабісты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG