Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 2 сьнежня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Беларуская ніва”, 1925 год:

“30 лістапада віленскі акружны суд разглядаў ажно сем прэсавых спраў рэдактара часопісі “Krynica” Туронка… На пачатку расправы мела месца характэрнае здарэньне. Сьведкі беларусы — пас. Ярэміч, дырэктар Астроўскі і інш. — патрэбавалі, каб суд прывёў іх да прысягі ў роднай ім беларускай мове. Пасьля 15-мінутнай нарады суд ім у гэтым адмовіў. З прычыны нязгодлівасьці іх прысягаць папольску суд звольніў усіх гэтых сьведкаў… ад царкоўнай прысягі… У выніку расправы суд адкінуў абвінавачваньні паводле 129 арт., а па другім засудзіў рэд.Туронка агулам на 2 месяцы вастрогу, зачыніўшы часопіс “Krynica” назаўсёды”.

“Віцебскі пролетарый”, 1935 год. З Бабінічаў:

“Учора мы паведамлялі аб новым дасягненні стаханаўкі ільноабработкі з калгаса імя Молатава Дзяжурнай Марыны Міхайлаўны, якая вытрапала за змену 50,2 кгр. ільновалакна. У сваім пісьме ў рэдакцыю, надрукаваным учора, яна абавязалася значна перакрыць дасягнутыя паказальнікі. Слова сваё Міхайлаўна стрымала. Сёння Марына Дзяжурная вытрапала за змену 66,6 кгр. ільновалакна, паставіўшы такім чынам новы ўсебеларускі рэкорд па ручной абработцы ільну. Марына за гэты дзень выработала больш 50 працадзён”.

“Свабода”, 1995 год. Васіль Быкаў піша:

“Лукашэнка — тыповае стварэньне позьняга бальшавізму, і цяпер, дарваўшыся да дыктатуры над “нехлямяжым” народам, шукае сабе падпоркі — аналогіі ў гісторыі. Гітлер у гэтым сэнсе — найлепшы ўзор для перайманьня, мабыць, болей прывабны, чым нядаўнія ідалы нашага прэзыдэнта — Дзяржынскі, Андропаў, Машэраў, якіх ён, як адчувае, ужо перарос… Цяпер ён інстыктыўна раўняецца на Гітлера, аб чым і паведаміў у хвіліну недаравальнай шчырасьці нямецкаму журналісту. Пра што, магчыма, і шкадуе. Але слова — не верабей, яго ня зловіш, як бы ні шчыравалі над тым прэзыдэнцкія “птушкаловы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG