Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-нямецкі каляндар паэта Зьмітра Вішнёва


Валянціна Аксак, Менск Жыхары ўсіх хрысьціянскіх краінаў пачалі актыўна рыхтаваць калядныя падарункі сваім родным і сябрам. Тых нашых слухачоў, хто лічыць, што арыгінальны каляндар на наступны год будзе ня лішнім у шчодрай торбе Сьвятога Міколы, магчыма, зацікавіць наступная інфармацыя.

Гэты каляндар на наступны год ужо стаіць на маім працоўным стале. І атрымала я яго ў падарунак ад аўтара, вядомага беларускага паэта і пэрформэра Зьмітра Вішнёва, які, як высьветлілася, яшчэ і не абы які мастак. Менавіта рэпрадукцыі сваіх карцін Зьміцер і прадстаўляе ў гэтым настольным календары. Апрача імя аўтара і адной з рэпрадукцыяў на яго вокладцы красуецца слоган “Таракан – лепшы сябра чалавека!”

Чаму такая несымпатычная істота патрапіла ў галоўныя героі?

Аднак аўтар ставіцца да яго зь вялікай сымпатыяй. Вось што ён сказаў.

(Вішнёў: ) “Па-першае, я думаю, што гэта вельмі сымпатычная істота. Па-другое, многія трымаюць нават адмыслова экзатычных тараканаў. Ёсьць такія аматары. Таму тут можна паспрачацца”.

Згодзімся з гэткім аўтарскім выбарам, але тады пытаньне лінгвістычнае. Чаму таракан? Па-беларуску гэтая істота завецца ж прусак?

Вось што кажа на гэты конт Зьміцер.

(Вішнёў: ) “Прабачце, таракан – гэта той, што чорны, а прусак – той, што руды. Таму тут ёсьць адрозьненьне”.

Зьміцер згадаў яшчэ нейкіх сымпатычных яму вусякоў. І сапраўды, на старонках календара жывуць і замежныя браты беларускіх прусакоў і тараканаў – да прыкладу, швэцкія какілякі ці нямецкія какерлакі. Вельмі сымпатычныя істоты. Ацаніць іх могуць ня толькі беларускамоўныя карыстальнікі гэтага календара, але і нямецкамоўныя. Бо каляндар выдадзены на дзьвюх гэтых мовах. На маё пытаньне, чаму ў ім другая не расейская ці ангельская, як цяпер зазвычаена, аўтар вельмі сур’ёзна патлумачыў.

(Вішнёў:) “Менавіта па-нямецку, таму што я думаю, што Бэрлін займае сёньня першае месца ў сучаснай культуры, негалосна лічыцца культурнай сталіцай Эўропы. Менавіта не Парыж, а Бэрлін. Таму што ў Бэрліне была сьцяна, абапал якой разьвівалася ўсходняя і заходняя культура, і цяпер атрымаўся такі выбух, у выніку якога аб’ядналіся вось гэтыя культуры і адбываюцца проста неверагодныя экспэрымэнты і працэсы ў галіне мастацтва”.

Да сказанага дадамо, што беларуска-нямецкі каляндар паэта Зьмітра Вішнёва – гэта першы ў гісторыі беларускае літаратуры падобны арт-праект. Свой беларускамоўны каляндар выпускае ўжо некалькі гадоў запар фатограф Сяргей Плыткевіч, быў яшчэ каляндар мастака Ўладзімера Тоўсьціка. А наогул зь беларускіх календароў у продажы зьявіўся пакуль што толькі адрыўны насьценны “Родны край”, які стала выходзіць ад 1990 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG