Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўмовах глябальнага пацяпленьня ў Эўропе можа пахаладаць


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Аслабленьне цячэньняў у Атлянтычным акіяне, найперш Гальфстрыму, можа зрабіць клімат у Эўропе халаднейшым, нягледзячы на глябальнае пацяпленьне. Да такой высновы прыйшлі брытанскія навукоўцы.

Паводле дадзеных брытанскіх навукоўцаў, моц ключавога атлянтычнага цячэньня паміж Афрыкай і ўсходнім узьбярэжжам Амэрыкі панізілася цягам апошніх 12 гадоў на 30%.

Вядома, што ўмераны клімат у прыбярэжных раёнах Паўночнай Амэрыкі і Паўночнай Эўропы вызначаецца цячэньнем Гальфстрым. Яно пачынаецца ў Мэксыканскай затоцы, затым разьдзяляецца на дзьве плыні: адна накіроўваецца ў бок Эўропы, другая ідзе ў трапічную частку Атлянтыкі.

Цёплая вада эўрапейскай галіны ахалоджваецца ў раёне Грэнляндыі і Ісьляндыі і з паверхні апускаецца на глыбіню некалькіх сотняў мэтраў, рухаючыся ўжо ў адваротным напрамку. У гэты момант цячэньне адпавядае прынцыпу стужкі канвэеру – цёплая вада на паверхні рухаецца ў адным напрамку, а халодная ў глыбіні – ў іншым.

На думку навукоўцаў, зьмяншэньне плыні халодных водаў запавольвае рух цёплай вады на поўнач, што прывядзе да паніжэньня тэмпэратуры ў Эўропе. А прычынай зьніжэньня плыні халодных водаў зьяўляецца зьмяншэньне салёнасьці паўночных акіянічных водаў.

Гэта адбываецца таму, што ва ўмовах глябальнага пацяпленьня інтэнсіўна таяць арктычныя ільды і павялічваецца аб’ём вады, якую нясуць у акіян паўночныя рэкі. Болей прэсная вада мае меншую шчыльнасьць і, як вынік, ёй цяжэй асядаць на глыбіню акіяну. А гэта вядзе да запавольваньня працы гэтак званага воднага канвэеру. Калі такая тэндэнцыя працягнецца, то ў Вялікай Брытаніі сярэдняя гадавая тэмпэратура можа панізіцца на адзін градус.

Крытыкі гэтай высновы ня лічаць, што рэкі змогуць напампаваць столькі прэснай вады, каб выклікаць такую катастрофу. Яны таксама кажуць, што замеры навукоўцы Брытанскага нацыянальнага цэнтру акіянаграфіі праводзілі зь перапынкамі, а зьніжэньне плыні халоднай вады выкліканы натуральнымі працэсамі, што адбываюцца ў акіяне.

Гаворыць адзін з удзельнікаў дасьледаваньня Сцюарт Канінгэм:

(Канінгэм: ) “Мы вельмі зьдзівіліся, калі ўбачылі такія зьмены, што адбыліся за 12 год, пачынаючы ад 1992 году. Поўнамаштабныя замеры рабіліся ў канцы пяцідзесятых. Мы сапраўды ня маем дастатковай колькасьці інфармацыі, каб ведаць, ці гэтыя зьмены ёсьць часовым натуральным працэсам, ці гэта – доўгатэрміновая тэндэнцыя, якая магла б азначаць сапраўды істотнае ўзьдзеяньне для эўрапейскага кантынэнту”.

Неабходнасьць назіраньня за разьвіцьцём экалягічнай сыстэмы, якая ўплывае на клімат у Эўропе, застаецца актуальнай.
XS
SM
MD
LG