Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомымі зьбіты рэктар мастацкай акадэміі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Рэктар акадэміі мастацтваў Рычард Смольскі стаў ахвярай невядомых хуліганаў. Наагул, за апошнія тры гады ў Менску былі зьбітыя каля дзесяці вядомых грамадзкіх дзеячоў.

Рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў Рычард Смольскі зараз знаходзіцца ў рэспубліканскім шпіталі кіраўніцтва справамі прэзыдэнта ў аддзяленьні хірургіі. Але знайшоў сілы падняцца з ложку і падыйсьці да тэлефона і распавесьці пра здарэньне, якое адбылося зь ім ўвечары 26 лістапада:

(Смольскі: ) “Увечары ў 11 гадзінаў я вяртаўся з Купалаўскага тэатра, там адзначалі 85 год тэатру. Зайшоў у пад’езд свайго дома на вуліцы Адзінцова, а за мной зайшоў малады мужчына. Спартовага выгляду, вышэйшы за мяне. Нечакана ззаду ён ўдарыў мяне па галаве нечым цяжкім. Магчыма кастэтам ці чым, а пасьля пачаў біць па галаве нагамі. На маё шчасьце празь некалькі хвілін вяртаўся дамоў сусед і гэты хуліган, пачуўшы, што дзьверы адчыняюцца, кінуў мяне ды уцёк”.

У Рычарда Смольскага траўма галавы, строс мозгу, параненыя рука і твар. Аднак спадар Смольскі кажа, што ўжо папраўляецца, адчувае сябе лепей.

Менская міліцыя завяла крымінальную справу па факце нападу на рэктара акадэміі мастацтваў. Паводле супрацоўніка прэсавай службы гарадзкой міліцыі Яўгена Сачыка, здарэньне са спадаром Смольскім кваліфікуецца як хуліганства.

(Сачык: ) “Фрунзенскім раённым аддзелам міліцыі заведзеная крымінальная справа паводле артыкуле 339 частка 1, гэта хуліганства, супроць невядомага”.

Пакуль хулігана не знайшлі, паведамілі ў гарадзкой міліцыі.

Сам Рычард Смольскі не бярэцца камэнтаваць тое, што зь ім здарылася, але адзначае, што гэта ня першае падобнае здарэньне зь вядомымі асобамі.

(Смольскі: ) “Ня ведаю, што тут думаць і казаць. Гэта тыповы разбой, але так не павінна быць. Тым больш гэткае не з адным мной здарылася. Гэтак сама ў горкі яблык зьбілі актора Расьціслава Янкоўскага, каля пад’езда зьбілі сьпевака Віктара Чарнабаева. Год таму ў двары дома зьбілі майго загадчыка катэдры рэжысэра Баравіка. Гэта факты.”

Лекары шпіталя мяркуюць, што змогуць выпісаць Рычарда Смольскага праз 10 дзён.

***

Да сьпісу грамадзкіх дзеячоў Беларусі, якія пацярпелі ў апошнія гады ад невядомых хуліганаў, трэба таксама дадаць наступныя прозьвішчы: рэжысэр тэатру Валер Мазынскі, кінарэжысэр Юрый Хашчавацкі, прафэсар Адам Мальдзіс, акадэмік Радзім Гарэцкі, рэктар БДУ Васіль Стражаў. Толькі ў выпадку з Васілём Стражавым злачынца быў знойдзены і пакараны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG