Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсара Манаева выклікалі ў пракуратуру


Валер Каліноўскі, Менск Пракуратура Рэспублікі Беларусь сёньня ўзяла тлумачэньні ў дырэктара зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) Алег Манаева. Пракуратура праводзіць разьбіральніцтва ў сувязі з апошнімі інтэрвію і публікацыямі навукоўца ў беларускай прэсе, прысьвечанымі апытаньням грамадзкай думкі.

Старшы сьледчы пракуратуры Беларусі Станіслаў Новікаў выклікаў прафэсара Алега Манаева ў сувязі зь ягонымі публікацыямі ў “Нашай Ніве” наконт рэйтынгу адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча і ў “Белгазэце” – пра рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі.

Сьледчы высьвятляў, ці не парушае прафэсар Манаеў заканадаўства, дзейнічаючы ад імя закрытай у судовым парадку арганізацыі. Нагадаем, сёлета Вярхоўны суд Беларусі закрыў НІСЭПД паводле пазову Мінюста, і арганізацыя была вымушаная зарэгістравацца за межамі краіны, у Літве.

Прафэсар Манаеў патлумачыў пракуратуры, што ён дзейнічае як прыватная асоба, навуковец, які разам з калегамі садзейнічае правядзеньню ў Беларусі розных дасьледаваньняў, у тым ліку сацыялягічных апытаньняў. Спадару Манаеву патлумачылі, што ніякая справа супраць яго не заведзеная, а патрэбныя ягоныя тлумачэньні па пытаньні, якое знаходзіцца ў стадыі праверкі.

Аналягічны выклік у пракуратуру Беларусі спадар Манаеў меў пасьля мінулагодняга рэфэрэндуму, калі былі апублікаваныя вынікі апытаньня “экзыт-пол” Інстытута Гэлапа, нявыгадныя уладам, згодна зь якімі патрэбнай большасьці галасоў А. Лукашэнка тады не атрымаў.

Сёньняшні выклік у пракуратуру спадар Манаеў зьвязвае з падрыхтоўкай да прэзыдэнцкіх выбараў:

(Манаеў: ) “Хтосьці ў вышэйшых эшалёнах улады спрабуе зрабіць усё, каб ніякія вынікі апытаньняў, апрача тых, якія атрымліваюць падкантрольныя ўладам структуры, не фігуравалі ў СМІ, нідзе і ніяк”.

Спадар Манаеў перакананы, што на гэта скіраваная пастанова Саўміна ад 8 лістапада, якая забараняе праводзіць сацапытаньні неакрэдытаваным структурам і папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія Палата прадстаўнікоў зьбіраецца канчаткова ўхваліць заўтра.

Нягледзячы на ціск ўладаў спадар Манаеў зьбіраецца працягваць сваю дзейнасьць у тым ліку пад час перадвыбарчай кампаніі, як прыватная асоба спрыяць правядзеньню сацыялягічных апытаньняў, вывучэньню грамадзкай думкі, аналізаваць, даводзіць вынікі да грамадзтва. Закону, які б забараняў яму гэта, няма.

(Манаеў: ) “Мы будзем гэта рабіць любым коштам, да самага канца, пакуль мы жывыя і дзеяздольныя. Я веру ў тое, што мы маем рацыю, і што ўрэшце рэшт наша краіна будзе такой, якой мы яе хочам бачыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG