Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі выяўлена амаль 7 тысяч ВІЧ-інфікаваных


Галіна Абакунчык, Менск 1 сьнежня, у Міжнародны дзень барацьбы са СНІДам, у Менску адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Рэсурсавага цэнтру, мэта якога — прафіляктыка ВІЧ-інфэкцыі ў Беларусі. Імпрэза адбылася ў рамках праграмы разьвіцьця Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Рэсурсавы цэнтар — гэта бібліятэка з кніжным фондам і электроннным архівам, сайт, а таксама тэлефонная гарачая лінія для падлеткаў. Акрамя таго, у рамках міжнароднага праекту набытыя абсталяваньне і мэдыкамэнты для лячэньня хворых, паколькі сёньня толькі прафіляктычных сродкаў ужо недастаткова, кажа сталая прадстаўніца ААН у Беларусі Джыхан Султанаглу.

(Султанаглу: ) “Праграмы прафіляктыкі ВІЧ—СНІД не спраўляюцца з гэтымі праблемамі. Узровень ведаў пра бясьпечны сэкс і сродкі папярэджаньня па-ранейшаму застаюцца на нізкім узроўні”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, толькі за дзесяць месяцаў 2005 году колькасьць вірусаносьбітаў у Беларусі павялічылася на 604 чалавекі, а ўсяго выяўлена 6 тысяч 867 чалавек. На СНІД хворыя 70 чалавек. Найбольшая колькасьць іх па-ранейшаму жывуць на Гомельшчыне, другое і трэцяе месца трымаюць Менск і сталічная вобласьць. Аднак уладныя чыноўнікі выказваюць аптымізм адносна будучыні, бо сёлета выканана пяцігадовая Дзяржаўная праграма папярэджаньня і прафіляктыкі СНІДу. Гаворыць намесьнік міністра аховы здароўя Міхаіл Рымжа:

(Рымжа: ) “Мы глядзім аптымістычна на сытуацыю, бо ў нас сярод хворых стала радзей трапляцца моладзь. Спадзяемся, што праз 2—3 гады колькасьць хворых перастане расьці, а затым чакаем і магчымага зьніжэньня захвораваньня”.

Адначасна, мэдыкі заяўляюць, што традыцыйны спосаб перадачы захворваньня, праз спажываньне наркотыкаў, саступае шляху сэксуальных кантактаў менавіта ў моладзевым асяродку. Да прыкладу, летась гэтак былі інфікаваныя 49% хворых, а за няпоўны 2005 — ужо 55%. Адпаведна расьце і колькасьць дзяцей, народжаных ад маці-носьбітаў вірусу: толькі сёлета 120 такіх немаўлят, а ўсяго 703. Зь іх 75 малых перанялі хваробу, а шасьцёра памерлі.

Цяпер у сьвеце зарэгістравана 43 мільёны носьбітаў ВІЧ-інфэкцыі. Хворыя на СНІД 5 мільёнаў чалавек, а штогоду паміраюць 3 мільёны.
XS
SM
MD
LG