Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дзяўчаты з Глазга" абараняюць сваю беларускую сяброўку”


З аглядам замежнага друку Алена Струвэ "Дзяўчаты з Глазга" абараняюць сваю беларускую сяброўку”, "Вядомага нямецкага карыкатурыста натхніла выбарчая барацьба ў Беларусі”, "У Нямеччыну з Усходняй Эўропы трапляе вялікая колькасьць ВІЧ-інфікаваных”.

"14 гадовую беларуску Хрысьціну і яе бацькоў хочуць дэпартаваць зь Вялікае Брытаніі назад на радзіму. Днямі ў адказ на сваю апэляцыю сям’я Хрысьціны атрымала адмову”, піша шатляндская The Herald .

Сяброўкі Хрысьціны, якія вучацца зь ёй у адной клясе рашуча нязгодныя: "Такое немагчыма. Сям’я Хрысьціны ня можа вяртацца назад у Беларусь. Там парушаюцца элементарныя правы чалавека і там іх - як людзей апазыцыйных поглядаў - можа чакаць перасьлед".

Зразумела да падобныых словаў можна паставіцца як да звычайнага спачуваньня і толькі. Калі б... сяброўкі Хрысьціны не належылі да групы "Дзяўчаты з Глазга". Гэта невялікая арганізацыя юных праваабаронак, якія падтрымліваюць сваіх сяброў-мігрантаў у самых няпростых сытуацыях. Сёньня ў памяшканьні Каралеўскага музэю ў Эдзінбургу прадстаўніцы арганізацыі будуць узнагароджаныя прэміяй адной прэстыжнай мясцовай кампаніі. “Дзяўчат з Глазга" будуць шанаваць разам зь іншымі ляўрэатамі - вядомымі шатляндзкімі палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, шоўмэнамі.

Як піша The Herald, вядомасьць да юных шатляндак прыйшла летась, калі група школьніц вырашыла дапамагчы адной сям''і з Косава. Гэтым людзям эміграцыйныя ўлады таксама адмовілі ў прытулку, і іх чакала дэпартацыя на радзіму. Аднак дзяўчаты з Глазга зрабілі ўсё, каб гэтага не адбылося. Потым шатляндзкія школьніцы падтрымалі іншых замежнікаў. Усё што магчыма зьбіраюцца зрабіць і для беларускай сяброўкі Хрысьціны і яе бацькоў, піша The Herald.

Фленсбургскі карыкатурыст Гётц Відэнрот аб’явіў, што зьбіраецца працаваць над такой тэмай як "Выбарчая барацьба ў Беларусі". Відэнрот – вядомы палітычны карыкатурыст у Нямеччыне. Ягоныя карыкатуры можна ўбачыць на асабістай Інтэрнэт-старонцы: www.wiedenroth-karikatur.de. Перадрукоўка ці капіяваньне – не бясплатныя. Напрыклад, "Выбарчая барацьба ў Беларусі" ацэньвацца ў 40 эўра за карцінку плюс 14 адсоткаў адпаведнага падатку, вынікае зь інфармацыі на Інтэрнэт-сайце www.presseportal.de.

Мэдычныя экспэрты зь нямецкай фундацыі барацьбы са СНІДам папярэджваюць адносна росту колькасьці ВІЧ-інфікаваных сярод усходнеэўрапейскіх мігрантаў, перадаюць нямецкія электронныя медыі Deutsche Welle I Deutschlandradio. Сярод краінаў, дзе захворваньні на ВІЧ і СНІД разьвіваюцца найболей хуткімі тэмпамі называюцца Расея, Украіна і Беларусь.

Паводле кіраўніка фундацыі Ўльрыха Гайдэ, за апошнія дзесяць год колькасьць ВІЧ-інфікаваных ды хворых на СНІД у гэтых краінах узрасла ў дзесяткі разоў. Галоўнай прычынай падобнай дынамікі экспэрты называюць недастатковую прафіляктыку гэтых захворваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG