Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты ня бачаць крыміналу ў акце вандалізму ў Курапатах


Ганна Соусь, Менск. Ва ўрочышчы Курапаты днямі адбыўся чарговы акт вандалізму. Невядомыя вандалы разьбілі мэмарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, гэтак званую лаву Клінтана, паламалі каля дзесяці крыжоў і выразалі фашыстоўскую свастыку на абразы Маці Божай Курапацкай, зьнялі шыльду з курапацкага каменя на пагорку.

Супрацоўнікі міліцыі Менскага раёну кажуць, што яны пакуль ня выявілі ніякіх сьлядоў вандалізму, за выключэньнем таго, што была паваленая верхняя частка лавы. Як яны паведамілі “Інтэрфаксу”, гэта магло адбыцца (цытую) і “без удзелу чалавечага фактару”, у сувязі з рэзкім пагаршэньнем умоваў надвор’я пліта магла паваліцца”. Разам з тым міліцыянты адзначылі, што калі пры аглядзе месца здарэньня будуць знойдзеныя пацьверджаньні таго, што адбылося наўмыснае дзеяньне, то будзе вырашацца пытаньне аб завядзеньні крымінальнай справы.

Па-першае, лава вырабленая з граніту і важыць, як сьведчыць скульптар Алесь Шатэрнік, каля 90 кіляграмаў, замацаваная яна была вельмі моцна. Застаецца пытаньнем, як міліцыянты маглі не заўважыць у Курапатах такіх сьлядоў вандалізму, як свастыка і паламаныя крыжы…

Першымі разьбітую лаву пабачылі пазаўчора ўвечары гісторык Ігар Кузьняцоў і скульптар Алесь Шатэрнік, які, дарэчы, ужо аднаўляў пашкоджаную ўлетку 2001 году лаву. Адметна, што і тады, і цяпер вандалы актывізуюцца ў Курапатах напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Алесь Шатэрнік згадвае, як у Злучаных Штатах ён пабачыў вельмі шмат падобных лаваў на могілках.

(Шатэрнік: ) “Улетку я быў у Амэрыцы. Бачу – у паркавай зоне стаяць лавы, а на іх надпісы. Аказваецца, што ў амэрыканцаў ёсьць такая традыцыя – калі чалавека ня стала, то ў памяць аб ім ставяць лаву. Паехалі зь Ігарам Кузьняцовым у Курапаты. Сёлета 29 кастрычніка ўсталявалі агульную пліту “Ахвярам сталінскіх рэпрэсій”. І гэтай шыльды не аказалася на месцы. Я паблукаў, пахадзіў, думаю, можа, дзе кінулі яе. А калі падышоў да гэтай амэрыканскай лавы, то шчыра кажучы, стала мне так не па сабе. Разумееце, як чалавек упаў на зямлю тварам уніз”. І сапраўды лава ляжыць перавёрнутая, так бы мовіць “тварам уніз”, і ня бачна цярновага вянка, які 4 гады таму ўсталяваў на месцы расколу лавы Алесь Шатэрнік. Выглядае, што хуткім часам яму ізноў давядзецца рамантаваць падарунак Біла Клінтана беларусам ад імя амэрыканскага народу. Ці вядома дакладна, колькі ў Беларусі могілак, падобных да Курапатаў? І ў якім стане яны знаходзяцца цяпер?

Калі зыходзіць з архіўных зьвестак і сьведчаньняў відавочцаў, то гэта ня менш за 48 населеных пунктаў, дзе праводзіліся расстрэлы, а калі падлічваць колькасьць ужо непасрэдна месцаў расстрэлаў, то іх ня менш за 64. Такія лічбы прыводзіць дасьледчык гісторыі палітычных рэпрэсій у Беларусі Ігар Кузьняцоў. Паводле яго, гэтыя месцы практычна нідзе не пазначаныя апроч тых крыжоў і памятных шыльдаў, якія ўсталёўвала грамадзкасьць, а таксама сваякі рэпрэсаваных напачатку 90-х гадоў.

(Кузьняцоў: ) “Афіцыйна ў Беларусі пацьверджана толькі чатыры месцы расстрэлаў. Гэта Курапаты, Мазыр, Ворша і ў раёне Пінску”.

(Карэспандэнтка: ) “А Чэрвень?”

(Кузьняцоў: ) “Чэрвень афіцыйна ня лічаць месцам расстрэлаў. Я называю толькі чатыры месцы, якія ў свой час яшчэ былы старшыня КДБ Ягораў назваў, што ў гэтых месцах КДБ мае зьвесткі пра правядзеньне расстрэлаў. Усе астатнія месцы вызначаліся без удзелу спэцслужбаў”.

Паводле Ігара Кузьняцова, найбольш масавыя пахаваньні знаходзяцца ў Менску, паколькі цэнтральны апарат, “асобая тройка”, усё намэнклятурнае кіраўніцтва – разам з Курапатамі гэта 8 месцаў – Лошыца, парк Чалюскінцаў, раён Кальварыйскіх могілак, Цівалі, Дразды, Благаўшчына, дзе потым разьмясьціўся лягер сьмерці Трасьцянец.

Што да фактаў вандалізму на месцы расстрэлаў ахвяраў палітычных рэпрэсій, то Ігар Кузьняцоў можа прыгадаць дзясяткі выпадкаў – і на Гомельшчыне, і ў Лошыцы, і ў парку Чалюскінцаў, ня кажучы ўжо пра Курапаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG