Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Банкруцтва “Мотавела” было сплянавана...”


Вячаслаў Кулік, Менск Агляд некаторых публікацыяў у недзяржаўным друку

У сёньняшнім нумары “Народнай волі” – аналітычны матэрыял пра акцыю пратэсту на акцыянэрным таварыстве “Мотавела”. Паводле артыкулу “Як “кінулі” мотавелазаводаўцаў”, страйк быў зусім ня выпадковы. “І сама акцыя, і банкруцтва прадпрыемства былі справакаваныя зь міністэрскіх кабінэтаў і сплянаваныя ніяк ня ніжэй узроўню Адміністрацыі прэзыдэнта”, піша “Народная воля”.

Таксама ў “Народнай волі” сёньня разважаньні над сытуацыяй у Палаце прадстаўнікоў пры галасаваньні па законапраекце,тэрмінова ўнесеным Лукашэнкам. Толькі нехта адзін з дэпутатаў выказаўся супраць узмацненьня карных мераў за публічныя дзеяньні. Пакуль яго прозьвішча не афішуюць. “Цікава, хто гэты герой - адзіночка?”, - запытвае “Народная воля”, паведамляючы, што на паседжаньні ня было Віктара Кучынскага, Вольгі Абрамавай і некаторых іншых, хто іншы раз “муціць” ваду ў ціхай Авальнай залі.

Сьвежы нумар тыднёвіка “Наша ніва” друкуе артыкул палітоляга Нэрыюса Пракэвячуса “Галоўныя памылкі апазыцыі”. Аўтар даводзіць: калі Беларуская апазыцыя хоча перамагчы, яна мусіць пераканаць грамадзянаў, што будзе кіраваць лепей за цяперашні рэжым. Замест гэтага пакуль мясцовая апазыцыя старанна палохае людзей рэвалюцыямі, піша палітоляг..

“Камсамолка” сёньня распавядае пра дзьвюх беларусак. “Жыцьцё маленькай Дашы выратавала нямецкая газэта “Bild” – гэта загаловак артыкула пра шчасьлівае вяртаньне здароўя Дашы з Бабруйска. Газэта піша: “За тры гады родныя выпрабавалі усё – ад прафэсійных кансультацыяў у клініках Масквы і Менска да шаптуноў. Урачы разводзілі рукамі…”. Сёньня, паведамляе “Камсамолка”, дзяўчынцы шэсьць гадоў, яна зьбіраецца на Каляды ў Нямеччыну падзякаваць чулым людзям, якія сабралі на апэрацыю 20 тысяч эўра.

У загаловак другога артыкулу вынесены словы Святланы Стацэнка – мамы пераможцы конкурсу Эўрабачаньня 10-гадовай Ксеніі Сітнік – цытую: “Калі б у нашага бацькі ня было грошай, сказаць, у якім бы месцы мы былі?”. Далей “Камсамолка” распавядае пра сапраўдны кошт перамогі дзяўчынкі з Мазыра на дзіцячым конкурсе. Вось толькі адна фраза з інтэрвію: “Разьлічваць на дзяржаву – поўная, як па – расейску кажуць, безнадёга…"

Рэгіянальная газэта “Вечерний Бобруйск” піша пра ажыўленьне працы на будаўніцтве воднага басэйна. Да гэтага часу ў горадзе, дзе дзьвесьце тысяч насельніцтва, нават спартоўцы зь каманды алімпійскага рэзэрву ня мелі вады для трэніровак зімою. Спэцыялісты лічаць, што выправіць сытуацыю прымушае будучае сьвята “Дажынкі”. Як вядома, кіраўніцтва Магілёўскай вобласьці паабяцала Лукашэнку пабудаваць Лёдавы палац. А горад перадусім чакае для адпачынку блакітныя дарожкі.

“Рэгіянальная газэта” з Маладэчна паведамляе пра падтрымку з боку чытачоў за права распаўсюду выданьня праз “Белпошту”. Расказвае журналіст Сяргей Зенька.

(Зенька: ) “Свае сымпатыі да газэты выказвае лідэр групы “Палац” Алег Хаменка, які чытае нашу газэту. Патэлефанавала нам дырэктар Менскага абласнога краязнаўчага музэю Таіса Янкевіч. Таксама сталая чытачка Галіна Мушкіна. Яна тэлефанавала ў “Белпошту”, сказала, што газэту, якая нясе маральнасьць і духоўнасьць у грамадзтва, паведамляе навіны і піша пра гісторыю краю, рашэньне ня ўносіць у каталёг проста няправільная”.

Паведаміў журналіст маладэчанскай “Рэгіянальнай газэты” Сяргей Зенька. Агляды незалежнага друку гучаць на Радыё Свабода зь панядзелка па пятніцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG