Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва па справе Аўтуховіча працягнутае яшчэ на месяц


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні было працягнутае яшчэ на месяц сьледзтва па крымінальнай справе супраць ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Сёньня ж адбыўся новы разгляд справы аб штрафных санкцыях супраць яго у Вышэйшым гаспадарчым судзе ў Менску. Мікалай Аўтуховіч працягвае галадаць за кратамі 48-ы дзень, але яму ставяць кропельніцы.

Пра гэтыя навіны Аўтуховіч даведаецца толькі заўтра, калі яго наведае адзін з адвакатаў. Але яны могуць яго расчараваць. Як паведаміў мне прадстаўнік Аўтуховіча ў судзе Андрэй Кухцюк: пазоў прадпрымальніка з просьбай прызнаць несапраўдным рашэньне абласной падатковай інспэкцыі адносна яго — адхілілі. Паводле Вышэйшага гаспадарчага суду, Аўтуховіч сапраўды ў 2003 годзе парушыў парадак грашовых разьлікаў, таму эканамічныя санкцыі да яго ўжыты абгрунтавана. Падатковая служба выставіла яму тады штраф — 267 мільёнаў рублёў.

Што датычыць цяперашняй крымінальнай справы, адвакат Галіна Іванова мне патлумачыла, што перш за ўсё не гатовая эканамічна экспэртыза па справе Аўтуховіча, таму сьледзтва працягнецца да канца году.

Паводле намесьніка начальніка гарадзенскай турмы Аляксандра Аліева, галадоўніку адзін раз паставілі кропельніцу, ён стаў ужываць вітаміны. Ці не азначае гэта, што Аўтуховіч пачаў выходзіць з галадоўкі? Меркаваньне адваката Галіны Івановай:

(Іванова: ) “Яму праз кропельніцу капаюць глюкозу — гэта тыя ж вітаміны. А галадоўку спыняць ён ня мае намеру, я зь ім на гэтую тэму гутарыла — аб спыненьні галадоўкі і наконт кропельніцы — і дактары папрасілі, і сама кожны раз прыходжу і пытаюся. Не, не намераны спыняць: да пераможнага канца і будзь што будзе”.

***

Паўтары месяцы таму супраць Аўтуховіча распачала крымінальную справу упраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў, яго арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Прадпрымальніка абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG