Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бундэстагу гучыць тэма Беларусі (абноўлены)


Алена Струвэ, Менск Беларуская тэма ўзьнятая сёньня ў Бундэстагу ў часе дэбатаў па міжнароднай палітыцы. У сваёй прамове сябра міжнароднай камісіі нямецкага парлямэнту вольны дэмакрат Вольфганг Герхард агучыў наступнае патрабаваньне да новага ўраду: не забывацца пра краіны, якія ляжаць у цэнтры Эўропы і маюць пры гэтым дыктатарскія ўрады. Паводле ягоных словаў, немцы абавязкова мусяць агучваць беларускае пытаньне ў дыялёгу з Расеяй і з Польшчай.

Дэбаты па будучай палітыцы Нямеччыны распачаліся пасьля сёньняшняй першай урадавай заявы Бундэсканцлера Ангелы Мэркель.

У міжнароднай частцы кааліцыйнай ўрадавай праграмы спадарыня Мэркель падкрэсьліла, што "саюзьнікі Нямеччыны чакаюць ад Бэрліна новай міжнароднай палітыкі".

"Улічваючы геаграфічнае становішча Нямеччыны ў Эўропе, мы мусім адыгрываць больш актыўную пасярэдніцкую ролю на кантынэнце", заявіла Бундэсканцлер.

Паводле Мэркель, што да стаўленьня Нямеччыны да пытаньня парушэньня правоў чалавека на эўрапейскім кантынэнце, то тут Бэрлін будзе знаходзіць больш дакладныя словы і ставіць больш дакладныя акцэнты.

У часе міжнародных дэбатаў з дакладам адносна галоўных напрамкаў у нямецкай вонкавай палітыцы выступіў міністар замежных справаў сацыял-дэмакрат Франк-Вальтэр Штайнмаер. Нагадаем, што ўчора ў часе свайго візыту ў ЗША ён меў 45-хвілінную размову зь дзяржсакратаром Кандалізай Райс, у часе якой было закранутае "пытаньне пашырэньня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі".

Сёньня ў дакладзе слова "Беларусь" не гучала, аднак, як лічыць нямецкі экспэрт, вольны дэмакрат Роланд Вэрнэр гэта зусім не азначае што беларуская тэма не згадваецца ўскосна. Камэнтуючы дэбаты, спадар Вэрнэр у размове са "Свабодай" зазначыў:

(Вэрнэр: ) "Паколькі я належу да апазыцыі, я быў вельмі задаволены, што тэма правоў чалавека была сёньня вельмі дакладна агучаная нашымі ўрадоўцамі. Было падкрэсьлена, што нават пры самым вялікім жаданьні Нямеччыны ўмацоўваць з той ці іншай краінай эканамічныя стасункі, сытуацыю з правамі чалавека трэба абавязкова згадваць і згадваць крытычна, калі гэтыя правы парушаюцца. Што да прамовы спадара Герхарда, то у ёй было дакладна сфармулявана наступнае: трэба заўсёды трымаць ў цэнтры ўвагі тыя краіны, якія ляжаць у цэнтры Эўропы, аднак маюць пры гэтым дыктатарскія рэжымы. Размова, зразумела, ішла пра Беларусь. Спадар Герхард патрабаваў ад новага ўраду, каб дыялёгу з Расеяй і Польшчай абавязкова прысутнічала тэма Беларусі".

Кіраўнік фракцыі вольных дэмакратаў Вольфганг Герхардт, які ў выпадку перамогі фракцыі ХДС/ХСС і Свабоднай дэмакратычнай партыі разглядаўся як галоўная кандыдатура на пасаду міністра замежных справаў ФРН, лічыцца вельмі аўтарытэтным нямецкім палітыкам.

Пасьля кароткай паездкі ў Беларусь напрыканцы мінулага тыдня ён заявіў, што ў гэтай краіне "людзі зьнікаюць, свабоды слова, фактычна, не існуе, і апазыцыя паступова вынішчаецца". Ён таксама заклікаў канцлера Мэркель у часе свайго візыту ў Варшаву закрануць “катастрафічную сытуацыю” ў “апошняй эўрапейскай дыктатуры”.

Паводле экспэртаў, сёньняшнія дэбаты прадэманстравалі тое, што нямецкая кааліцыя і нямецкая апазыцыя маюць больш-менш падобныя падыходы ў беларускім пытаньні. Што да нядаўняй палемікі паміж сацыял-дэмакраткай Утай Цапф і хрысьціянскім дэмакратам Георгам Шырмбэкам, пра якую перадавала "Свабода", то гэта "хутчэй унутраныя прыціркі былых апанэнтаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG