Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павялічылі мытныя плацяжы на аўтамабілі замежнай вытворчасьці


Ігар Карней, Менск Дзяржаўны мытны камітэт на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі зьмяніў тарыфныя зборы за ўвоз у Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасьці. Фармальна ведамства кіравалася задачай выраўнаць мытныя плацяжы для фізычных і юрыдычных асобаў — дагэтуль кампаніям даводзілася плаціць за так званую “растаможку” амаль удвая больш. Аднак на практыцы “выраўноўваньне” адбылося ў бок падвышэньня мытных паслугаў для шараговых пакупнікоў.

Рашэньнем Дзяржаўнага мытнага камітэту стаўкі мытаў на аўтамабілі, не старэйшыя за тры гады і з рухавіком да 2500 куб. см, усталяваныя на адзнацы 0,75 эўра за кожны “кубік”. Падвышка складае 15 эўрацэнтаў і на практыцы азначае, што да ранейшай сумы трэба дадаць яшчэ 400—500 даляраў. Менш істотна адкарэктаваныя стаўкі на машыны ва ўзросьце ад 3 да 10 гадоў: у залежнасьці ад аб’ёму рухавіка, мыты падвышаныя ад 0,35 да 0,4 эўра за куб. см. Апроч таго, зьменены мыты на самы запатрабаваны, з-за даступнасьці, аўтамабільны шэраг — гаворка пра машыны ад 10 гадоў, але не старэйшыя за 14. Цяпер яна складае 0,75 эўра за 1 куб. см (раней — 0,6 эўра). І ўжо зусім маладаступнымі застаюцца машыны ад 1990 году выпуску: “растаможка” такога “рарытэту” пацягне на 2 эўра за сантымэтар аб’ёму рухавіка. За аўтамабіль з 2-літровым рухавіком давядзецца выкласьці больш за 5 тысяч даляраў (пры тым, што кошт самога аўтамабіля фізычна ня можа быць больш за 1,5—2 тысячы).

Былы кіраўнік скасаванай сёлета на патрабаваньне Міністэрства юстыцыі Асацыяцыі ўладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту “АВВА” Алег Маркевіч перакананы: набыць машыну ў Беларусі робіцца ўсё больш складана.

(Маркевіч: ) “Беларусы — не такія багатыя людзі. Вы паглядзіце, хто езьдзіць на новых машынах з салёнаў! Чыноўнікі, набліжаныя да рэжыму, камэрсанты ды сваякі “абраных”. Ну, і асобныя “ўтрыманкі” сярод жаночай паловы. Больш ніхто. Нават нармальна працуючы камэрсант ня можа сабе дазволіць новую машыну. А зьвязаць сябе з банкавым крэдытам? Паверце мне: у нашай краіне гэта яшчэ невядома чым абярнецца”.

Эканамісты кажуць пра неадэкватнасьць захадаў на падвышэньне мытных збораў. Перадусім, у Беларусі няма ўласнай вытворчасьці легкавікоў і, адпаведна, няма патрэбы абараняць сваіх вытворцаў высокімі мытамі. Пасьля няўдалага досьведу з прадпрыемствам “Форд-Юніён” летась узьніклі размовы пра арганізацыю вытворчасьці ў Беларусі іранскіх аўтамабіляў. Аўтар нерэалізаванай у пачатку 1990-х ідэі “першага нацыянальнага аўтамабіля” Андрэй Клімаў лічыць: мэтазгоднасьці ў іранскім праекце няма.

(Клімаў: ) “Чаму гаворка пра вытворчасьць аўтамабіляў іранскіх? На маё глыбокае перакананьне, гаворка зусім не пра аўтамабілі. З кліматычнага гледзішча, чыста з каньюнктурных адметнасьцяў, такі завод разумна і няцяжка пабудаваць у Іране. Пры чым тут Беларусь? Таму, калі ўсплываюць падобныя праекты, трэба глядзець у корань: гэта сьведчыць пра тое, што, магчыма, Іран шукае шляхоў адмываньня тых сродкаў, якія ў яго маюцца”.

Ёсьць меркаваньне, што захады на чарговае падвышэньне мытаў на легкавыя машыны зробленыя з улікам апошніх наваўводзінаў у сфэры аўтабізнэсу. З ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі продаж іншамарак будуць ажыцьцяўляць Свабодныя мытныя сховішчы, а перагоншчыкі “цывілізаваны рынак” мусяць пакінуць. Дарэчы, сярод апошніх з гэтай нагоды ўсё больш пэсымізму.

(Перагоншчыца: ) “Страты, канечне, будуць. Зьявіцца канкурэнцыя, нашыя машыны будуць прадавацца цяжэй. За кошт гуртовых паставак, вялікіх партыяў яны могуць нас выціснуць з рынку. Да таго ж, ім прадастаўляецца бязмытны ўвоз. Але мы як ганялі простыя машыны, так пакуль што і будзем ганяць. Што да сховішчаў, то, як усе гавораць, яны разьлічаныя, збольшага, на расейцаў, паколькі машыны там амаль новыя, 2000-х гадоў выпуску. Увогуле, цяжка сказаць — ці там нейкае адмываньне грошай, ці заробак дадатковы, каб грошы тут асядалі, а ня дзесьці за мяжой”.

24 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, што рэгулююе дзейнасьць так званых Свабодных мытных сховішчаў. У Менску і абласных цэнтрах яны мусяць забясьпечыць поўны перадпродажны цыкль — ад тэхнічнай дыягностыкі да пастаноўкі аўтамабіля на ўлік. Аднак у бальшыні гарадоў нават ня вызначаныя месцы, дзе яны будуць разьмешчаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG