Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах вандалы зноў разьбілі лаву Клінтана (фота)


Ганна Соусь, Менск Невядомыя вандалы зноў разьбілі мэмарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, гэтак званую лаву Клінтана. Ва ўрочышчы зламана каля дзесяці крыжоў, пашкоджаны і абраз Маці Божай Курапацкай. У міліцыі Менскага раёну “Свабодзе” паведамілі, што сёлета ў лістападзе яны зьнялі патруляваньне Курапатаў з-за недахопу службоўцаў.

Разам са мной ва ўрочышча сёньня прыехаў археоляг Мікола Крывальцэвіч, удзельнік раскопак у Курапатах. Найперш мы заўважаем фашыстоўскую свастыку, якую надрапалі цьвіком на абразы Маці Божай Курапацкай.

Некалькі гадоў таму гэты абраз-капліцу зрабіў мастак Аляксей Марачкін і ўсталяваў яго на Дзяды побач з крыжом “Пакутнікам Беларусі”. Далей падыходзім да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, які ўсталяваў 15 студзеня 1994 году падчас візыту ў Беларусь прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. Спадар Крывальцэвіч разам зь Зянонам Пазьняком тады прысутнічаў на цырымоніі адкрыцьця мэмарыяльнага знаку. Ён згадвае, што лаву Клінтана вандалы разьбівалі ўжо некалькі разоў.

(Крывальцэвіч: ) “Лава Клінтана была добра ўмацаваная і адрамантаваная пасьля ўсіх тых падзеяў. Было зроблена так, што гэты стык расколіны ня быў бачны. Цяпер яна наўмысна скінутая, упала на зямлю, і гэтая расколіна ізноў заўважная, яна пашырылася. Нехта прыклаў вялікую сілу”.

Побач з лавай Клінтана крыж, усталяваны ў 2001 годзе беларускімі археолягамі, у тым ліку і Міколам Крывальцэвічам, па трох рэпрэсаваных археолягах — Сяргею Дубінскаму, Аляксандру Ляўданскаму і Аляксандру Каваленю. Таблічку зь іхнымі партрэтамі пашкодзілі і сарвалі з крыжа. Тут жа ляжыць недапітая бутэлька піва. У некалькіх мэтрах крыж па Францішку Бартулю, адпаведная шыльда зноў жа пашкоджаная. Скручаная шыльда і на гэтак званым “Польскім крыжы”. Усяго зь Міколам Крывальцэвічам мы налічылі каля дзесяці паламаных крыжоў, да таго ж з многіх крыжоў сарвалі абразы.

(Крывальцэвіч: ) “Пашкоджаныя шасьціканцовыыя крыжы, сымбалі Беларусі, якія ёсьць на гербе “Пагоня”. Заўважна, што найперш пашкоджаныя шыльды, дзе ёсьць надпісы па-беларуску ці беларускай лацінкай. Гэта палітычна скіраваная акцыя, безумоўна, яна была зьдзейсьнена пад уражаньнем апошніх падзеяў і палітычных заяваў беларускага кіраўніцтва”.

Разбурэньні ў Курапатах першымі заўважылі гісторык Ігар Кузьняцоў і скульптар Алесь Шатэрнік, якія ўчора ўвечары прыехалі ва ўрочышча, каб усталяваць на курапацкім камяні адноўленую шыльду пра пастанову Савету міністраў БССР паставіць у Курапатах помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Але прыехаўшы яны пабачылі, што з каменя зьнікла і ўсталяваная сёлета 29 кастрычніка шыльда “Ахвярам сталінскага рэжыму”.

Пазьней яны зьвярнуліся ў Бараўлянскі аддзел міліцыі, дзе ім, як кажа Ігар Кузьняцоў, сказалі, што пра факты вандалізму там ужо вядома, і вінаватыя ня знойдзеныя. Я зьвярнулася сёньня ў Бараўлянскі аддзел міліцыі, і дзяжурны паведаміў, што пра чарговыя факты вандалізму ў Курапатах у райаддзеле ня ведаюць, і тэрмінова дашлюць брыгаду ў Курапаты. Дзяжурны Ўладзімер Хоміч паведаміў, што зь нядаўняга часу міліцыя не ахоўвае ўрочышча Курапаты:

(Хоміч: ) “Цяпер задзейнічаюць людзей для аховы іншых аб’ектаў, і ў нас не хапае людзей”.

Сёньня ўрочышча Курапаты наведаў супрацоўнік амбасады ЗША ў Беларусі Марк Нордбэрг. Ён паведаміў Радыё Свабода, што амбасадару ЗША спадару Джорджу Кролу, які сёньня знаходзіцца ў Магілёве, ўжо паведамлена пра разбурэньне мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”. Дарэчы, спадар Крол браў удзел у цырымоніі адкрыцьця лавы ў 1994 годзе, ён быў у складзе дэлегацыі прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, калі той наведваў Беларусь.

Гэта ня першы выпадак вандалізму ў дачыненьні да лавы Клінтана. Яна была пашкоджаная ўлетку 2001 году, у студзені 2002 адноўлены мэмарыяльны знак урачыста адкрываў тагачасны амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак. Улетку 2003 году лаву Клінтана зноў пашкодзілі, тады амэрыканская амбасада зрабіла заяву, што калі беларускія ўлады ня здольныя забясьпечыць аховы мэмарыяльнага знаку, яе можна перанесьці на тэрыторыю амбасады. Дагэтуль ніхто зь вінаватых у вандалізьме ў Курапатах ня быў знойдзены і пакараны.

Фотарэпартаж













Архіўны здымак скрадзенай шыльды:



Гл. таксама • ЗША і Эўразьвяз асудзілі вандалізм у Курапатах • Хто павінен ахоўваць урочышча Курапаты?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG