Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія музыкі ў падтрымку беларускіх палітзьняволеных


Ігар Карней, Менск Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” працягвае слаць лісты прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Ад мінулага году праваабаронцы ўжо тройчы заклікалі беларускага лідэра вызваліць вязьняў сумленьня, якія адбываюць пакараньне паводле палітычных матываў.

У нядаўнім звароце ад імя “Мiжнароднай амнiстыi” подпісы пад патрабаваньнем вызваленьня лідэра Страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага паставілі вядомыя расейскія выканаўцы Андрэй Макарэвiч (“Машина времени”), Барыс Грабеньшчыкоў (“Аквариум”), Сяргей Чыгракоў (“Чиж&Со”), Аляксандар Скляр (“Ва-банкЪ”) і Яўген Фёдараў (“Текилла-джаз”).

Кіраўнік расейскага рэсурснага цэнтру “Міжнародная амністыя” Сяргей Нікіцін канстатуе: сувязь зь беларускімі ўладамі адбываецца ў аднабаковым парадку. З Масквы лісты ідуць у Менск адрасату на К.Маркса, 38, дзе месьціцца прэзыдэнцкая рэзыдэнцыя, а копія – у амбасаду Беларусі ў Расеі. На гэтым віртуальныя кантакты заканчваюцца. Між тым, спадар Нікіцін не выключае: актыўнасьць праваабаронцаў бяз плёну не засталася.

(Нікіцін: ) “Практычна ўсе гэтыя людзі, плюс яшчэ некаторыя музыкі, падпісвалі падобны зварот, калі яшчэ Леванеўскі і Васільеў былі пазбаўленыя волі. Васільеў урэшце ўмоўна-датэрмінова быў вызвалены. Ня будзем сьцьвярджаць, што гэта здарылася 100-працэнтна дзякуючы актыўнасьці “Міжнароднай амністыі”. Але ў якойсьці ступені, магчыма, і з гэтай прычыны. Прынамсі, я не выключаю, што вызваленьне Васільева можа якраз зьяўляецца адным са складнікаў зьнешняга ўціску. А што да пісьмовых адказаў, то ў напісаным выглядзе якогасьці камэнтару мы не атрымлівалі”.

Лідэры гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валерый Леванеўскі і Аляксандар Васільеў якраз год таму былі асуджаныя на два гады пазбаўленьня волі за “абразу прэзыдэнта”. Падставай сталі ўлёткі з заклікам узяць удзел ў мітынгу пратэсту наступнага зьместу: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб тваім коштам “хтосьці” езьдзіў на адпачынак у Аўстрыю, катаўся на лыжах і жыў у сваё задавальненьне”. Суд вырашыў, што пад “кімсьці” хаваецца Аляксандар Лукашэнка і вынес прадпрымальнікам досыць неадэкватны вырак.

Пры канцы мінулага году ў лісьце побач з вядомымі праваабаронцамі ўпершыню зьявіўся лідэр гурту “Аквариум” Барыс Грабеньшчыкоў. Літаральна сьледам саліст каманды “Сплін” Аляксандар Васільеў (поўны цёзка гарадзенскага Васільева) і гурту “Ленінград” Сяргей Шнураў падпісалі ліст да Лукашэнкі з тым жа патрабаваньнем – вызваліць вязьняў сумленьня. У кіраўніка расейскага падразьдзяленьня “Міжнароднай амністыі” Сяргея Нікіціна я пацікавіўся: хто ініцыюе падобныя звароты? Прынамсі, досыць цяжка ўявіць, што музыкі пільна сочаць за беларускімі падзеямі, асабліва што тычыцца лёсу палітзьняволеных.

(Нікіцін: ) “Гэта нашая праца, але мы маем даўнія кантакты з падпісантамі. Яны ўсё разумеюць, у курсе таго, што менавіта падпісваюць, вылучаюць нейкія дэталі. Апроч таго, мы атрымалі ліст ад самога Васільева пасьля таго, як ён выйшаў на волю. Ён напісаў, наколькі яму было важна няхай нават у маральным пляне даведацца з газэтаў, што за яго заступіліся вядомыя людзі. Гэта дарагога каштуе”.

Андрэй Асанаў, дырэктар групы Сяргея Чыгракова, больш вядомага як “Чиж и Со”, кажа, што сьпявак аб’ектыўна ня можа ведаць усе нюансы беларускай палітычнай сытуацыі. Аднак ён падпісваў ліст не таму, што так рабілі іншыя. (Асанаў: ) “Ён сябра гэтай арганізацыі і, наколькі я разумею, якіясьці паперы пэрыядычна падпісвае. Што канкрэтна – ня ведаю. Я не перакананы, што ён ведае сутнасьць справы ад пачатку і да канца. Хоць, зь іншага боку, прачытаць, вылавіць сэнс павінен, каб элемэнтарнае ведаць. Гэта ж ня проста так, каб толькі “падмахнуць”... Вы хацелі яму асабіста пытаньне задаць? Прыедзе ў Менск, тады і пацікаўцеся – 7 сьнежня мы якраз у вас і будзем”.

Ня варта адкідваць, што, магчыма, асобныя музыкі сапраўды ня ведаюць, пад чым падпісваюцца. Аднак канкрэтныя ўчынкі сьведчаць на разуменьне сытуацыі. Так, былы лідэр папулярнай каманды “Наутилус-Помпилиус” Вячаслаў Бутусаў летась даў бясплатны канцэрт на плошчы Бангалёр у Менску на знак салідарнасьці зь беларускімі калегамі, забароненымі за сваю палітычную пазыцыю. Сёлета ў сярэдзіне лістападу лідэр “ДДТ” Юрый Шаўчук наведаў удаву Васіля Быкава, перадаўшы адчуваньні ад візыту адным выразам – “як у храме пабываў”. Што скажа падчас гастроляў у Менску Сяргей Чыгракоў – пачуем ужо праз тыдзень.

Разам з тым, вядомы расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў перакананы: “сфэру трывог” за лёс Беларусі і беларусаў варта пашыраць. Паводле Кавалёва, праваабаронцам трэба тэрмінова зьвярнуць увагу на стан свабоды слова ў Беларусі. А калі дакладней – на поўную яе адсутнасьць.

(Кавалёў: ) “Справы ў вас горшыя, чым нават у Расеі. Я б сказаў так. А ў Расеі справа са свабодай слова зусім дрэнная. Але глядзіце, як “разумна” усё зроблена. Тэлеканалы – вось галоўны аб’ект цэнзуры. Бо, як ні круці, 90% насельніцтва глядзіць “скрыню”, а не чытае газэты. Таму пераўтварылі ўсе без выключэньня тэлеканалы ў кіраваныя дзяржаўныя каналы. І гэтага на цяперашнім этапе цалкам дастаткова”.

Нагадаем, што “Мiжнародная амнiстыя” летась прызнала Леванеўскага i Васiльева “вязьнямi сумлення” – людзьмi, пазбаўленымi волi на права выказваньня сваіх поглядаў. Сёлета да Васільева было ўжытае ўмоўна-датэрмiновае вызваленьне; Леванеўскі працягвае адбываць пакараньне ў Івацэвічах. Менавіта вызваленьня Леванеўскага зараз і дамагаецца з дапамогай вядомых рок-музыкаў “Міжнародная амністыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG