Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Praunik.org – цяпер і ў папяровым варыянце


Паводле belngo.info У Менску адбылася прэзэнтацыя першага нумару часопісу юрыстаў і палітолягаў “Праўнік”. Выданьне зьяўляецца працягам дзейнасьці вэб-праекту praunik.org, які ўжо цэлы год працуе ў інтэрнэце.

“Праўнік” першапачаткова паўстаў як вэб-праект на ініцыятыву некалькіх студэнтаў ды асьпірантаў юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якія паставілі за мэту запоўніць нястачу якаснай праўнай інфармацыі на дзяржаўнай беларускай мове.

Аўтары праекту адзначаюць: "З 1995 году назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя скарачэньня колькасьці праўных курсаў у ВНУ, што чытаюцца па-беларуску. Ніводнае аддзяленьне права краіны ня мае нават адной акадэмічнай групы, якая б мела магчымасьць атрымліваць юрыдычную адукацыю на роднай мове. Працэс распрацоўкі ўласнае юрыдычнае тэрміналёгіі настолькі замаруджаны, што цягам апошніх 10 год не было выдадзена ніводнага беларускамоўнага юрыдычнага слоўніка. Да таго ж, афіцыйныя выданьні часта папросту калькуюць праўныя тэрміны з расейскай мовы і практычна ніколі не адыходзяць ад сумнеўных лексычных штампаў савецкіх часоў”.

Першы папяровы нумар “Праўніка” выйшаў накладам 299 асобнікаў і будзе распаўсюджвацца на некамэрцыйнай аснове. Як сьцьвярджаюць выдаўцы, пры спрыяльных умовах наступны нумар пабачыць сьвет ўжо ў лютым наступнага году.

У “Праўніку” зьмешчана шмат тэкстаў на ангельскай мове — гэта ня толькі падсумаваньні асобных артыкулаў, але і поўныя пераклады тэкстаў, напісаных на беларускім тэарэтычным і практычным матэрыяле.

Як адзначае галоўны рэдактар “Праўніка” Уладзіслаў Белавусаў, гэткая канцэпцыя лінгвістычнай пабудовы часопісу была абраная сьвядома. Выданьне мусіць ня толькі стварыць плынь беларускамоўных юрыдычных тэкстаў, але таксама будзе вырашаць праблему адсутнасьці матэрыялаў зь беларускага права на ангельскай.

Зьнешнія спасылкі: • www.praunik.org
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG