Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды ЦРУ мае сакрэтныя турмы ва Ўсходняй Эўропе?


Кастусь Бандарук, Прага Эўрапейскія краіны настойваюць на поўным высьвятленьні зьвестак пра сакрэтныя турмы ЦРУ ва ўсходняй Эўропе. Эўразьвяз у вострым тоне і пад пагрозай санкцыяў запатрабаваў ад сваіх сяброў і кандыдатаў на сяброўства расьсьледаваць гэтыя чуткі і даць вычарпальны адказ. Сёньня пытаньне сакрэтных турмаў ЦРУ ва ўсходняй Эўропе абмяркуе ў Вашынгтоне з дзяржсакратаркай ЗША Кандалізай Райс міністар замежных справаў ў новым урадзе ФРН Франк Вальтэр Штайнмаер.

Камісар Эўразьвязу ў справах юстыцыі і ўнутраных справаў Франка Фраціні заявіў, што супраць любой краіны-сябра Эўразьвязу, якая прыняла вязьняў ЦРУ будуць уведзеныя санкцыі.

Усё пачалося 2 лістапада, калі газэта “ Вашынгтон Пост” паведаміла, што з 2002 году разьведвальныя службы ЗША перавозілі людзей западозраных у тэрарызьме з Іраку, Аўганістану і іншых краінаў у сакрэтныя турмы ва ўсходняй Эўропе і Азіі.

Гэтую інфармацыю палічыла верагоднай праваабарончая арганізацыя "Human Rights Watch". Яна паведаміла пра тое, што ЦРУ зрабіла больш як 30 сакрэтных рэйсаў у Эўропу, у прыватнасьці ў Польшчу, Чэхію, Латвію, Грузію і Румынію. Прадстаўнік арганізацыі Том Маліноўскі заявіў, што самалёты ЦРУ прызямляліся на пэрыфэрыйным лётнішчы ў Шыманах недалёка ад разьведвальнай ўстановы.

Іншы прадстаўнік "Human Rights Watch" Міхаіл Когальнічэану паведаміў, што ЦРУ перавозіла мусульманскіх вязьняў ў паветраную базу ля Чорнага мора і на лётнішча ў Тымішоары, Румынія.

Камісар Эўразьвязу Франка Фраціні заяўляе, што чуткі пра сакрэтныя турмы ЦРУ ў Эўропе яшчэ не пацьверджаныя і з прычыны вагі абвінавачаньняў трэба знайсьці неаспрэчныя доказы віны.

(Фраціні: ) “Калі б гэтыя падазрэньні пацьвердзіліся, гэта было б вельмі сур''ёзнае парушэньне Эўрапейскай дамовы. Мы ня можам прыймаць ніякіх захадаў бяз выясьненьня справы і празрыстых доказаў”.

Артыкул 6-ы Эўрапейскай дамовы прадугледжвае пазбаўленьне голасу ў Эўразьвязе краіны, якая парушае прынцыпы свабоды, дэмакратыі, правы чалавека і вяршэнства закону.

Рада Эўропы даручыла Камісіі ў юрыдычных справах на чале з Дзікам Марці правядзеньне сьледзтва ў справе сакрэтных турмаў. “Нават у імя вайны з тэрарызмам нечалавечныя і незаконныя арышты ды сакрэтныя перавозы вязьняў ў Эўропу ня будуць дапушчальныя”, – гаворыцца ў заяве Рады Эўропы.

Франка Фраціні выказаў шкадаваньне, што Злучаныя Штаты дагэтуль не далі афіцыйнага адказу ў справе турмаў ЦРУ. Прадстаўнік Дзярждэпартаманту Макормак адказаў прадстаўніку Эўразьвязу Джонатану Фолу, што ЗША патрабуюць болей часу на тое, каб даць поўны і задавальняючы адказ, і што Кандаліза Райс гатовая абмеркаваць гэтае пытаньне ў часе сваіх сустрэч з кіраўніцтвам Эўразьвязу.

На наступным тыдні Кандаліза Райс, а таксама намесьнік сакратара Робэрт Зэлік уздымуць гэтае пытаньне ў часе сваіх асобных візытаў ў Эўропу. З 5-га па 9-га сьнежня Кандаліза Райс наведае Нямеччыну, Румынію, Украіну і Бэльгію, а Зэлік прыбудзе на два дні ў Нямеччыну. Пакуль Кандаліза Райс не пацьвердзіла і не абвергла інфармацыі, што існуюць сакрэтныя турмы ЦРУ за мяжой.

Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс выступае за права ўраду на затрыманьне людзей, западозраных у тэрарызьме, і лічыць, што такія акцыі прыносяць карысьць Злучаным Штатам і ўсяму сьвету. У інтэрвію, апублікаваным ў газэце “USA Today”, яна адзначыла, што тэрарыстаў трэба затрымліваць перш, чым яны правядуць свае акцыі і заб’юць тысячы людзей. Гаворачы пра вайну з тэрарызмам Райс дадала, што “ніколі раней мы ня мелі дачыненьня з такой вайной”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG