Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Новак: беларусы не выганялі з расейцамі Ілжэдзьмітрыя з Крамля


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы, у адрозьненьне ад Беларусі, адзначаюцца 175-я ўгодкі вызвольнага паўстаньня 1830 году. Польскія гісторыкі кажуць, што гэтае паўстаньне, у якім бралі ўдзел і беларусы, зусім не было асуджанае на паразу.

Паўстаньне 1830 году, якое ў Польшчы завуць “лістападаўскім”, пачалося ў цяперашнім цэнтры Варшавы – у “Лазенкоўскім парку”, дзе калісьці знаходзіліся вайсковыя казармы – польскія афіцэры пад кіраўніцтвам паручніка Высоцкага выступілі супраць расейскай прысутнасьці ў сваёй краіне і накіраваліся на штурм каралеўскага замку, дзе знаходзіўся царскі намесьнік.

Каб ушанаваць памяць удзельнікаў паўстаньня, гэты маршрут, праз 175 гадоў пад гукі “Варшавянкі” паўтарылі каля 200 аматараў вайсковых інсцэнізацыяў, у мундзірах тагачасных жаўнераў.

(Удзельнік інсцэнізацыі: ) “Гэтае паўстаньне мела вялізны ўплыў на сьвядомасьць эўрапейцаў, якія пабачылі, як можна змагацца з царом і старымі парадкамі”.

Між тым некаторыя польскія гісторыкі ўпэўненыя, што лістападаўскае паўстаньне зусім не было асуджанае на паразу, бо ў ім бралі ўдзел шмат жаўнераў, якія ваявалі яшчэ ў арміі Напалеона і добра ведалі сваю справу – ім было патрэбна, перадусім, больш дасьведчаных камандзіраў.

Гісторык, прафэсар Анджэй Новак кажа, што ня толькі ў гэтым паўстаньні, але і ў іншых узброеных канфліктах з расейкім бокам, беларусы і палякі амаль заўсёды ваявалі разам супраць супольнага ворага.

(Новак: ) “Ня так даўно я пачуў тэзу, зь якой нават цяжка спрачацца з-за яе абсурднасьці – што беларусы разам з расейцамі выгналі палякаў з Крамля ў часы Ілжэдзьмітрыя. У гісторыі, канечне, ёсьць спрэчныя моманты, але тое, што Вялікае Княства Літоўскае ніколі не было саюзьнікам Масквы супраць Польскага каралеўства, ведаюць усе, і ніхто гэты факт не аспрэчвае. Гэта тычыцца і паўстаньняў. Некаторыя ліцьвіны аказваліся, часам, на расейскім баку, але гэта здаралася рэдка. Гэта гістарычная рэальнасьць”.

Гэтымі днямі ў Польшчы ўскладаюць кветкі да помнікаў удзельнікам Лістападаўскага паўстаньня, адбываюцца ўрачыстыя вечарыны, выставы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG