Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін: "Незалежнасьць - гэта нарожны камень кожнага беларускага палітыка"


Вольга Караткевіч, Прага Наш сёньняшні госьць - былы рэктар БДУ, старшыня беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Аляксандар Казулін. Ён гаворыць аб сытуацыі ў Беларусі, дачыненьнях з Расеяй і сваёй палітычнай плятформе.

(Карэспандэнт: ) "Аляксандар, чаму Вы пайшлі ў палітыку?"

(Казулін: ) "Палітыку? Таму што прымусіла жыцьцё. Натуральна, што чалавек, які займаецца прафэсійнай дзейнасьцю, пераходзіць у палітыку, калі разумее, што гэта яго прафэсійная дзейнасьць становіцца непатрэбнай грамадзтву і дзяржаве. Самае галоўнае: ён ня можа выконваць гэтай прафэсійнай дзейнасьці, сыходзячы з таго, як ён бачыць сваю дзейнасьць. Яго творчы патэнцыял, творчасьць прыніжаюцца, растаптваюцца і не даюцца магчымасьці, каб асоба разьвівалася".

(Карэспандэнт: ) "Аляксандар, у часе, калі Вы былі рэктарам БДУ, ужо былі факты выключэньня паводле палітычных матываў. У газэце "Наша Ніва" былі зьмешчаныя лісты тых, хто пацярпеў. Як бы Вы пракамэнтавалі гэтую сытуацыю?"

(Казулін: ) "Ведаеце, я заўсёды кажу: няхай мне пакажуць хоць адзін загад, дзе стаіць мой подпіс. Калі я часта гавару з рознымі людзьмі, я кажу: у такім вялікім мэханізьме, якім ёсьць БДУ, рэктар мог нечага і ня ведаць. Вось гэтыя моманты маглі мець месца. Калі нехта зь вельмі апантаных дэканаў мог такія аспэкты дапускаць".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы ацэньваеце апошнія рашэньні, што студэнтам выяжджаць за мяжу толькі з дазволу?"

(Казулін: ) "Каб студэнт ці старшаклясьнік мог выехаць, трэба мець дазвол міністра адукацыі. Мы сёньня як бы дэкляруем, што мы - дэмакратычная, свабодная краіна, а насамрэч мы апутваем краіну маральным калючым дротам".

(Карэспандэнт: ) "Чаму Вы абралі сацыял-дэмакратыю?"

(Казулін: ) "Таму што мне гэта блізка па духу. Палітыка павінна быць скіраваная на тое, каб мэтай гэтай палітыкі быў чалавек. Сацыял-дэмакратыя вызначае чалавека працы. Я думаю, што даўно прыйшоў час для нашай краіны, каб не дзяржаўны чыноўнік, а чалавек працы быў на чале ўсяе палітыкі".

(Карэспандэнт: ) "Аляксандар, як Вы ацэньваеце апошнія папраўкі ў крымінальны кодэкс "Дыскрымінацыя Рэспублікі Беларусь", ініцыяваныя Аляксандрам Лукашэнкам?"

(Казулін: ) "У нас цяпер шмат якія законы пачынаюць дапаўняцца. Прычым дапаўняцца не Палатай прадстаўнікоў, а прэзыдэнтам. Апошнія папраўкі - яны прынятыя Палатай прадстаўнікоў. Відавочна, што як і шэраг іншых законапраектаў скіраваныя на ўзмацненьне пазыцыяў. Сёньня і так грамадзка-палітычным аб''яднаньням, партыям, незалежным СМІ практычна немагчыма працаваць у нашай краіне. Але сёньня ствараюцца ўсе ўмовы, каб ня тое што не было магчымасьці працаваць, але нават уздыхнуць было нельга. Бо пры дэкляраванай шырокай масавай народнай падтрымкі, а наш прэзыдэнт заявіў, што ў яго рэйтынг вышэй за 80 працэнтаў, - разам з тым ён чамусьці панічна баіцца гэтага рэйтынгу і народнай любові. І робіць усё, каб гэтая народная любоў ня вылілася на вуліцы, ня вылілася ў шырокае масавае абурэньне. Таму ён робіць гэтыя папраўкі, каб любы разумеў, што ён імгненна апынецца ў турме".

(Карэспандэнт: ) "Вы верыце, што ў Беларусі магчымыя вулічныя пратэсты? "

(Казулін: ) "Я думаю, што сёньня не. Але ўся сытуацыя йдзе та таго, што хутка гэта будзе магчыма".

(Карэспандэнт: ) "Аляксандар,часта можна было прачытаць і пачуць, што вы можаце быць стаўленьнікам Расеі на наступных выбарах... Наколькі сур''ёзна можна гаварыць, што Расея падтрымлівае ці падтрымае канкрэтнага палітыка ў Беларусі?"

(Казулін: ) "Ведаеце, сёньня можна гаварыць, што ты зьяўляешся якім заўгодна стаўленьнікам. Трэба разумець, што ёсьць плюралізм у думках і калі мы гаворым - падтрымка Расеі ці Эўразьвязу - мы павінны разумець, што мы жывем як раз з суседзямі. Да суседзяў трэба ставіцца з павагай. Я ня ведаю ніводнага разумнага чалавека, які б мысьліў па-іншаму. Самае галоўнае - разумець, што мы сувэрэнная незалежная дзяржава. Гэтая дзяржава, нягледзячы на сваю дастаткова доўгую гісторыю, сёньня зьяўляецца маладой. І на шляху незалежнасьці мы павінныя ўлічваць увесь спэктар абставінаў, якія нас атачаюць. Расея, натуральна, мае вялікі спэктар сваіх унутраных праблемаў, натуральна, з улікам гэтага для яе Беларусь зьяўляецца адным з самых важных прыярытэтаў. Але Расея ставіцца да Беларусі як да вельмі блізкай краіны, яна ня хоча яе страціць. Але я думаю, што ўвесь апошні набор абставінаў, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы, прымусяць Расею разумець, што Беларусь - гэта маленькая, сувэрэнная незалежная дзяржава, якая мае права на ўласны шлях разьвіцьця. Натуральна, што калі Расея хоча, каб Беларусь заставалася сяброўскай краінай, яна павінна дзейнічаць па-іншаму. Падзяляць паняцьці сяброўства з дыктатарам Лукашэнкам і сяброўства з народам Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Вы - беларускі дзяржаўнік? "

(Казулін: ) "Канечне".

(Карэспандэнт: ) "Вяртаючыся да тэмы выбараў. Чаму Вы не падтрымалі ідэю адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на выбарах?"

(Казулін: ) "Рэч у тым, што калі мы дэкляруем, што гэта адзіны кандыдат, мы таксама дапускаем такую беларускую хітраванку. Відавочна, што Мілінкевіч - гэта прадстаўнік часткі дэмакратычных сілаў беларускага грамадзтва. Пра гэта трэба гаварыць адкрыта і спакойна. Мы вітаем, што зьявіўся Аляксандар Мілінкевіч, які прадстаўляе дастаткова вялікую колькасьць людзей. Але трэба разумець, што ёсьць яшчэ частка грамадзтва, якая падтрымлівае іншыя кірункі. Мы стараемся, каб усе сілы, якія здаровыя ў нашай краіне, якія хочуць пераменаў, якія стаміліся ад краіны залюстроўя, былі гатовыя да аб''яднаньня. І мы Мілінкевічу прапанавалі нармальнае кансультацыйнае супрацоўніцтва. І магу сказаць, што ва ўсіх сваіх інтэрвію падтрымліваю Аляксандра Ўладзіміравіча. І толькі магу дадаць, што ён, чалавек адукаваны і прыстойны, можа папасьці ў складанае перапляценьне палітычных інтрыгаў".

(Карэспандэнт: ) "Хачу ўдакладніць: Вы будзеце балятавацца на пасаду прэзыдэнта?"

(Казулін: ) "Наша партыя прыняла рашэньне аб стварэньні выбарчага штабу, ён ужо працуе. Але я, як матэматык, магу сказаць: рашэньне прымаецца сыходзячы з мэтазгоднасьці. У цэлым, ясна, любая партыя змагаецца за ўладу. Мы за гэтую ўладу будзем змагацца".

(Карэспандэнт: ) "Аляксандар, відаць, нашым слухачам будзе важна ведаць, чаму Вы, былы рэктар БДУ, не валодаеце свабодна беларускай мовай?"

(Казулін: ) "Гэтае пытаньне мне шмат разоў задаюць. Магу адказаць. Калі я вучыўся, я вучыўся ў спэцыялізаванай ангельскай школе. Прычым, зь першай клясы. Таму там не было ніводнай гадзіны ні беларускай мовы, ні беларускай літаратуры. Толькі ў 10-й клясе была адна гадзіна беларускай літаратуры. Я нарадзіўся ў Менску, асяродзьдзя для беларускай мовы не было ўвогуле. Таму - калі няма асяродзьдзя, няма ўмоваў, зразумела, што я ня мог добра разумець беларускай мовы..."

(Карэспандэнт: ) "Але ж разумееце..."

(Казулін: ) "Размаўляць дасканала не магу. Калі ты гаворыш нейкія рэчы, дык ты павінен добра размаўляць. Гаварыць сэнсоўна. А калі ты падбіраеш словы, дык гэта ня тое".

(Карэспандэнт: ) "Якія Вашыя нацыянальныя сымбалі і прыярытэты?"

(Казулін: ) "Натуральна, што мяняць нацыянальныя сымбалі няма ніякага сэнсу. І бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца тым унутраным беларускім пачуцьцём, якога ніхто ня можа пазбыцца. Тым больш, што гэта - кроў Хрыста на белай плашчаніцы. І разумеем, што аспэкты глыбіннай веры павінны быць у сэрцы кожнага беларускага чалавека. Натуральна, мы ня можам не разумець, што сувэрэннасьць і незалежнасьць - гэта сёньня нарожны камень кожнага беларускага палітыка".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG