Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сухарэнка абяцае журналістам паказаць лягеры баевікоў


Вячаслаў Кулік, Менск Агляд некаторых публікацыяў у недзяржаўным друку

“Народная воля” сёньня друкуе адкрыты ліст калектыву рэдакцыі да Аляксандра Лукашэнкі. Журналісты ня ўпэўненыя, што прэзыдэнт атрымаў іхнюю тэлеграму, накіраваную яшчэ два месяцы таму. Бо на прэсавай канфэрэнцыі з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі Расеі госьці пачулі параду набыць беларускія апазыцыйныя газэты нават ў будынку адміністрацыі прэзыдэнта ці ўраду. Аднак, паводле “Народнай волі”, незалежная газэта выкінутая зь дзяржаўнага продажу яшчэ 1 кастрычніка. Журналісты нагадваюць, што хутка споўніцца два месяцы, як для “Народнай волі” заблякаваныя шапікі ня толькі ў Менску, але і па ўсёй краіне.

Таксама на старонках “Народнай волі” ў рубрыцы “Эксклюзіў” падрабязнасьці да неспадзяванай прапановы старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Сьцяпана Сухарэнкі. Шэф КГБ абяцае журналістам экскурсію ў таямнічыя “ваенізаваныя лягеры”, дзе нібыта апазыцыя рыхтуе “каляровых баевікоў - рэвалюцыянэраў”.

Загалоўкі некаторых іншых тэмаў сёньняшняга нумару газэты “Народная воля”: “Беларускае міністэрства замежных спраў патрабуе тлумачэньня ад латыскага амбасадара”; “За што брусэльская палiцыя затрымала беларускага ўцекача?”; “Каму патрэбна рускамоўнае вяшчаньне на Беларусь?”.

«Комсомольская правда в Белоруссии» высьвятляе, чаму прамысловыя прадпрыемствы краіны не даюць прафсаюзам грошы на дзіцячыя навагоднія падарункі: перашкодай гэтаму стаў прэзыдэнцкі ўказ нумар 300...

Пра ключавы матэрыял чарговага нумару крычаўскага тыднёвіка “Вольны горад” расказвае галоўны рэдактар Сяргей Няроўны:

(Няроўны: ) “Намесьнік старшыні Крычаўскага райвыканкаму Сяргей Марозаў правёў нараду, на якой прысутнічалі начальнікі міліцыі, КДБ і пракурор. Па нашай інфармацыі, была пастаўленая задача вырашыць пытаньне зь “Вольным горадам”. Правесьці цыкл “мерапрыемстваў”, каб мы замаўчалі. І вось мы аналізуем, што зь гэтага можа атрымацца.Гэта могуць быць правакацыі: камусьці падкінуць наркотыкі, боепрыпасы і гэтак далей. Суды, пракуратура, псыхалягічнае ўзьдзеяньне, у тым ліку на сем”і супрацоўнікаў газэты. Каб папярэдзіць магчымыя “мерапрыемствы”, мы гэта надрукавалі”.

Сказаў рэдактар газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны. Заўтра ў аглядзе друку на Радыё Свабода – незалежная прэса Міншчыны і Берасьцейшчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG