Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 лістапада 1923 году заснавана літаратурнае аб’яднаньне “Маладняк”


Радыё Свабода Каляндар Свабоды – 27 і 28 лістапада. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 27 і 28 лістапада.

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

27 лістапада незалежнае беларускае грамадзтва адзначыла Дзень герояў. Менавіта ў гэты дзень у 1920 годзе Першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі ўступіў у бой з бальшавікамі за незалежнасьць Беларусі.

27 лістапада ў Беларусі традыцыйна ўшаноўвалі двух сьвятых – Юстыніяна і Піліпа. Юстыніяна лічылі збаўцам ад бясплоднасьці. Таму на абразах ён намаляваны зь дзіцём на руках. Што да Піліпа, дык лічылася, што ён – “дзеці адзявае”. Варта згадаць, што апостал Піліп быў найбліжэйшым вучнем Хрыста. Падчас перасьледу хрысьціянаў ён прыняў пакутніцкую сьмерць – быў укрыжаваны дагары нагамі.

27 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет акадэмік архітэктуры Іван Жалтоўскі родам зь Пінску; першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман родам зь мястэчка Моталь на Палесьсі; беларускі кампазытар з Гомеля Рыгор Пукст, які напісаў мноства твораў, але прынамсі адну ягоную песьню ведаюць усе – гэта “Перапёлачка”; нямецкі беларусіст Норбэрт Рандаў, чыю працу называюць цэлай эпохай у гісторыі беларуска-нямецкага перакладу.

А зараз – сёньняшні каляндар.

Сёньня ў Беларусі – Піліпаўка. 28 лістапада ў праваслаўных пачынаецца апошні ў годзе пост – Піліпаўскі або Калядны, які мусіць працягвацца да Калядаў. Казалі, што гэтай парой ваўкі зьбіраюцца ў зграі. Згадваецца радок зь Янкі Купалы: “На Піліпаўку воўк нема вые”...

28 лістапада 1923 году было заснаванае літаратурнае аб’яднаньне “Маладняк”. Праіснавала яно ўсяго пяць гадоў, але ўвайшло ў гісторыю як першая і найбольш масавая пісьменьніцкая арганізацыя. Філіі “Маладняка“ існавалі па ўсёй Беларусі, а таксама ў Латвіі, Расеі і Чэхіі. Ініцыятарамі аб`яднаньня выступілі Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка і Язэп Пушча. “Маладняк” усімі сіламі імкнуўся адпавядаць сваёй назьве, заклікаў да рэвалюцыйнай перамены сьвету і да таго, каб пісьменьнікаў старой фармацыі скінуць з карабля гісторыі. У 1930-я гады большасьць сяброў гэтай арганізацыі былі рэпрэсаваныя.

Сёньняшні дзень у розныя гады даў сьвету цэлае сузор''е таленавітых літаратараў. Ангелец Уільям Блэйк, француз Праспэр Мэрымэ, расеец Аляксандар Блок, аўстрыец Стэфан Цвэйг, італьянец Альбэрта Маравія.
XS
SM
MD
LG