Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Паганяйла праз суд патрабуе аднавіць падпіску на “Народную Волю”


Алесь Дашчынскі, Менск Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла зьвярнуўся у суд Маскоўскага раёну Менску з пазовам аб абароне правоў спажыўца. Спадар Паганяйла просіць завесьці грамадзянскую справу супраць прадпрыемства "Белпошта" і прызнаць ягонае права на заключэньне дамовы ў дастаўцы газэты "Народная Воля".

Гары Паганяйла зьяўляецца сталым падпісчыкам "Народнай Волі", аднак у паштовым аддзяленьні №98 па месцы жыхарства ў Менску яму адмовілі ў афармленьні падпіскі і дастаўцы газэты. Паштавікі спаслаліся на тое, што "Белпошта" не ўключыла газэту ў падпісны каталёг на першае паўгодзьдзе 2006 году. Тым часам, сёлета ў жніўні "Народная Воля" станоўча адказала на запыт "Белпошты" аб уключэньні выданьня ў каталёг.

Спадар Паганяйла лічыць дзеяньні "Белпошты" незаконнымі, бо яны парушаюць правы спажыўца, а таксама канстытуцыйнае права на свабоду слова і пашырэньне інфармацыі. Праваабаронца падкрэсьлівае ў пазове, што адпаведна дзейнаму заканадаўству, ягоныя правы спажыўца на атрыманьне газэты "Народная Воля" парушаны.

Спадар Паганяйла просіць завесьці грамадзянскую справу супраць "Белпошты", унесьці газэту ў падпісны каталёг і абавязаць адказчыка аформіць дамову на паслугі пошты ў справе падпіскі і дастаўкі газэты.

(Паганяйла: ) "Гэта сапраўды можа быць рэальнай дапамогай тым выданьням, якія ня ўключаныя ў падпісны каталёг на першую палову 2006 году. Гэта і газэта "Салідарнасьць", "Народная Воля" і шэраг іншых выданьняў. Я думаю, такое агульнае ўзьдзеяньне на дзяржаўныя ўстановы праз суды, магчыма, адаб''ецца станоўча ў справе падпіскі на недзяржаўныя газэты".

Апроч таго, спадар Паганяйла патрабуе спагнаць зь "Белпошты" на сваю карысьць 500 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі за маральныя страты.

Гары Паганяйла ўпэўнены: такую кампанію можна распачаць ва ўсёй краіне.

Тым больш, што спажывец у гэтым выпадку вызваляецца ад сплаты дзяржпошліны. Такія пазовы можна падаваць па месцы жыхарства альбо па месцы знаходжаньня "Белпошты". І ня толькі адносна "Народнай Волі", але і іншых незалежных мясцовых выданьняў, якія не ўключылі ў падпісны каталёг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG