Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробак на МВЗ, які страйкаваў у пятніцу, абяцаюць выдаць у аўторак


Валер Каліноўскі, Менск Пасьля страйку і перакрыцьця Партызанскага праспэкту рабочыя Менскага мотавэлязаводу чакаюць заробку, які адміністрацыя і Менскі гарвыканкам абяцалі выплаціць у аўторак. У сераду адбудзецца агульны сход калектыву. На заводзе чакаюць указу прэзыдэнта аб нацыяналізацыі прадпрыемства.

Адразу пасьля акцыі пратэсту рабочых, якая адбылася ў мінулую пятніцу, прадстаўнікі адміністрацыі мотавэлязаводу і Менскага гарвыканкаму вырашылі выплаціць заробак у бліжэйшы аўторак. На гэта ўжо атрыманы банкаўскі крэдыт. А ў сераду павінен адбыцца сход калектыву з удзелам гарадзкіх уладаў, паведаміў кіраўнік прафсаюзу прадпрыемства Іван Сініца.

(Сініца: ) “Гутарылі і з дырэктарам, і сёньня зьбіралі прафсаюзны актыў, а 30-га чысла будзе агульны сход у пытаньнях далейшага разьвіцьця і жыцьця прадпрыемства”.

Попыт на прадукцыю мотавэлязаводу — сэзонны, і з восені звычайна пачынаюцца цяжкасьці, якія вырашаюцца з дапамогай крэдытаў. Сёлета з-за пратэрмінаванай запазычанасьці “Белпрамбудбанк” адмовіўся выдаваць новы крэдыт на заробак.

Спадар Сініца паведаміў, што завод хутка павінен вярнуцца ў дзяржаўную ўласнасьць: акцыянэры далі згоду на гэта яшчэ летась. Праект адпаведнага ўказу кіраўніка краіны падрыхтаваны, ён жа прадугледжвае фінансавую падтрымку заводу на пераабсталяваньне. Сумаў пакуль не называюць.

(Сініца: ) “Пэрспэктывы крыху ёсьць, калі будзе аказана хаця б тая невялікая дапамога, якой мы просім, дзеля таго, каб правесьці пераўзбраеньне і перайсьці на выпуск прадукцыі, па якой у нас ужо ёсьць напрацоўкі”.

Апрача вэлясыпэдаў і матацыкла, завод зьбіраецца выпускаць дзіцячыя вазкі, мапэды і скутэры.

Мотавэлязавод — састарэлае прадпрыемства, на ім дагэтуль працуе нават тое абсталяваньне, што было вывезена пасьля вайны зь Нямеччыны. Завод моцна пацярпеў, калі ўлады доўга трымалі заніжаны курс даляра. Адрозна ад буйных прадпрыемстваў, ён не атрымаў датацыяў дзяржавы для выхаду з крызісу. Разам з тым эканамічная палітыка ўраду не дазволіла прыцягнуць замежныя інвэстыцыі, скараціць непатрэбныя актывы і працоўныя месцы, нягледзячы на тое, што завод фармальна быў акцыянэрным таварыствам, разважае сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у мінулым генэральны дырэктар “Амкадору” Васіль Шлындзікаў. Ён мяркуе, што вяртаеньне мотавэлязаводу ва ўласнасьць дзяржавы не прынясе асаблівых зьменаў:

(Шлындзікаў: ) “Ад гэтага нічога ня зьменіцца, што яго забяруць назад. Гэта як бы першая ластаўка, за ёю могуць пайсьці і іншыя. Бо такая сытуацыя ў цэлым у нашай прамысловасьці. Паглядзіце на наша станкабудаваньне, зайдзіце ў цэхі і гляньце: там заняпад і дэградацыя”.

Асаблівых ілюзіяў наконт будучыні свайго заводу пры дзяржаўнай уласнасьці ня маюць і рабочыя, якія страйкавалі ў пятніцу.

(Рабочы: ) “У казку трэба верыць, але жыцьцё ня казка... Гаспадар павінен быць. Гаспадар — ён і ёсьць гаспадар, а калі яго няма, калі ўсе вырашаюць і ніхто не вырашае, то гэта пустое”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG