Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Задача нямецкай палітыкі — падштурхнуць рэжым у Беларусі да зьменаў”


Алена Струвэ, Менск Сябра фракцыі ХДС/ХСС у нямецкім Бундэстагу Георг Шырмбэк заявіў, што нямецкія хрысьціянскія дэмакраты і хрысьціянскія сацыялісты “хочуць зрабіць дасягненьне перамогі над тыраніяй у Беларусі, якая зьневажае правы чалавека, цэнтральным пунктам нямецкай усходняй палітыкі”. Гэтую заяву дэпутат Бундэстагу зрабіў адразу пасьля вяртаньня зь Беларусі. Сёньня яе распаўсюдзілі тэлеканал n-tv ды іншыя нямецкія мэдыі.

У парлямэнцкай фракцыі ХДС/ХСС Георг Шырмбэк ёсьць экспэртам па Беларусі. Сярод нямецкіх палітыкаў ён вядомы як пасьлядоўны крытык і Гэрхарда Шродэра за ягоную палітыку ў расейскім і беларускім пытаньнях. Спадар Шырмбэк перакананы, што экс-канцлер занадта доўга захоўваў памылковую павагу да Крамля, а таму амаль не надаваў увагі беларускай тэме.

Як перадаў сёньня нямецкі тэлеканал n-tv, Георг Шырмбэк заявіў: “Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка — апошні дыктатар Эўропы. Падштурхнуць ягоны рэжым да зьменаў ёсьць задачай нямецкай міжнароднай палітыкі”. У якасьці натхняльных прыкладаў спадар Шырмбэк назваў мірныя рэвалюцыі ў Грузіі, ва Ўкраіне, Кыргызстане.

Падставай для падобнай заявы сталі апошнія зьмены Крымінальнага кодэксу, якія прыняла ў першым чытаньні Палата прадстаўнікоў. Пра іх нямецкі дэпутат разам зь пяцьцю сваімі калегамі, удзельнікамі “Менскага форуму”, даведаўся непасрэдна ў часе імпрэзы ў мінулую пятніцу. Дарэчы, менавіта ў гэты дзень дэпутаты Бундэстагу былі запрошаныя на сустрэчу ў Палату, але гэтая сустрэча так і не адбылася. Камэнтуючы “Свабодзе” папраўкі да беларускага Крымінальнага кодэксу, нямецкія палітыкі адзначылі, што “падобны наступ на правы чалавека ў Беларусі яшчэ больш ускладніць дачыненьні паміж Менскам і краінамі Эўразьвязу”. Што да дыялёгу зь беларускімі дэпутатамі, то сябры Бундэстагу назвалі яго мэтазгодным. Спадар Георг Шырмбэк сказаў:

(Шырмбэк: ) “Сваю пазыцыю я дакладна выклаў у часе абмеркаваньня. Калі адзін бок імкнецца размаўляць зь іншым, трэба размаўляць. Партнэраў па дыялёгу нельга ігнараваць, а трэба слухаць. Нават у такіх складаных сытуацыях, як цяперашняя. Канструктыўная і эфэктыўная крытыка магчымая ў тым выпадку, калі цябе слухаюць. Усё гэта мы будзем абмяркоўваць у Бэрліне зь іншымі дэпутатамі Бундэстагу — з тым, каб надалей будаваць супрацоўніцтва зь беларускімі парлямэнтарамі”.

У суботу ўвечары, пасьля закрыцьця “Менскага форуму” беларускі экспэрт ад фракцыі ХДС/ХСС Георг Шырмбэк разам з двума іншымі дэпутатамі Бундэстагу ўсё ж сустрэўся зь некаторымі беларускімі дэпутатамі, у ліку якіх быў Анатоль Красуцкі, “за келіхам піва”. Гэта была нефармальная размова. Афіцыйны дыялёг з прадстаўнікамі Палаты, паводле другога ўдзельніка сустрэчы, нямецкага дэпутата Міхаэля Георга Лінка, магчымы пасьля абраньня ў Бундэстагу рабочай групы па Беларусі ў сьнежні-студзені.

(Крыніцы: Kampf dem Diktator, Ruf nach neuer Ostpolitik-n-tv, Neue Osnabrucker Zeitung, інтэрвію дэпутатаў Бундэстагу на “Менскім форуме-2005” для Радыё Свабода.)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG