Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з прэзыдэнтам Літвы


Тацяна Поклад, Вільня Адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Міленкевіч сёньня ў Вільні сустрэўся з прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам, а таксама зь літоўскімі парлямэнтарамі і студэнтамі Віленскага ўнівэрсытэту.

Пасьля сустрэчы зь літоўскім прэзыдэнтам Аляксандр Міленкевіч адзначыў:

(Міленкевіч: ) “Я вельмі ўдзячны літоўскаму боку за такі высокі прыём, за той узровень, на якім прайшлі сустрэчы. Прыём прэзыдэнтам Літоўскай рэспублікі гэта, сапраўды, вялікая пашана, але не да Мілінкевіча, а пашана да тых працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. Гэта падтрымлівае дэмакратычнае аб''яднаньне”.

Падчас размовы прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса і Аляксандра Міленкевіча абмяркоўвалася, якім чынам можна зрабіць будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі справядлівымі, празрыстымі і дэмакратычнымі, якімі шляхамі спрыяць дэмакратычным сілам у Беларусі.

В.Адамкус адзначыў, што Эўропу немагчыма ўявіць бяз дэмакратычных і стабільных суседзяў ва Ўсходняй Эўропе, і што Літва будзе пасьлядоўна падтрымліваць рэформы суседзяў. Прэзыдэнт Літвы таксама сказаў:

(Адамкус: ) “Нас, як і вас аб''ядноўвае агульная нядаўняя гісторыя, жаданьне і прага жыць абаронена, стабільна, свабодна і дэмакратычна, свабодна ствараць і вольна выказваць свае думкі”.

Сустрэча і размова прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса і Аляксандра Міленкевіча адбылася ў часе прыёму ўдзельнікаў канфэрэнцыі “Што сёньня аб''ядноўвае і што раз''ядноўвае постсавецкія краіны?”, у якой бралі ўдзел палітыкі і навукоўцы з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і Паўдзённага Каўказа.

Апрача таго, сёньня Аляксандр Міленкевіч сустракаўся са студэнтамі Віленскага ўнівэрсытэту, у ліку якіх і студэнты зь Беларусі, выпускнікі Коласаўскага ліцэю, а ўвечары адбылася сустрэча зь літоўскімі парлямэнтарамі з розных фракцыяў у Сойме ў парлямэнцкім камітэце замежных справаў.

А.Мілінкевіч сказаў Радыё Свабода:

(Мілінкевіч: ) “На ўсіх сустрэчах мы гаварылі аб сытуацыі палітычнай і сацыяльна-эканамічнай у Беларусі, аб падрыхтоўцы да будучых выбараў, аб праблемах беларускіх дэмакратычных сілаў, аб тым, ці будзе перамога на наступны год.

Вельмі важна, каб эўрапейскія краіны прадэманстравалі высокую падтрымку беларускім дэмакратычным сілам, бо адна зь вялікіх праблемаў у Беларусі, – гэта тое, што частцы людзей не хапае духу, волі. Яны ня вераць, што нешта можна зрабіць.

Такія сустрэчы на высокім узроўні паказваюць, што дэмакратычная Эўропа верыць ў нас, хоча нам дапамагаць.

Перамога залежыць ад беларусаў, толькі ад нас, але маральная падтрымка нашых суседзяў. Падтрымка СМІ, грамадзянскай супольнасьці – надзвычай важная. Нам патрэбная падтрымка і Захаду, і Ўсходу.”

Дэпутат Літоўскага Сойму Раса Юкнявічэне, якая ачольвае парлямэнцкую групу “За дэмакратычную Беларусь” сказала пасьля сустрэчы ў Сойме:

(Юкнявічэне: ) “Мы вельмі хочам больш скаардынаванай дзейнасьці, і мы хочам ведаць ад дэмакратычных сілаў Беларусі канкрэтныя задачы і для нас, для літоўскага боку. А мы абяцаем быць вернымі ў спрыяньні дэмакратыі і хочам быць насамрэч, так бы мовіць, эфэктыўнымі амбасадарамі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Эўропе і НАТО”.

Старшыня падкамітэту палітыкі суседзтва ў літоўскім Сойме Эмануэліс Зінгеріс, які прысутнічаў на Кангрэсе дэмакратычных сілаў у Менску, заявіў, што перакананы, што аўтарытарны рэжым у Беларусі ня мае будучыні:

(Зінгеріс: ) “Гэта культ аднаго агрэсіўнага чалавека, і, на жаль, гэты рэжым мае шмат моцных сродкаў, каб маніпуляваць людзьмі, застрашваць іх. Дэмакраты, тысячы інтэлектуалаў у Беларусі маюць мінімальныя магчымасьці, каб выказваць свае думкі, але ў 21 стагодзьдзі спадару Лукашэнку будзе вельмі складана ўтрымліваць такі балянс сілаў і захаваць адзіную ў Эўропе дыктатуру, адзіны ў Эўропе музэй намэнклятуры, бо ўсе працэсы ў Эўропе – супраць гэтага”.

Літоўскія парлямэнтары якія бралі ўдзел у сустрэчы з А.Мілінкевічам адзначылі гатовасьць Літвы спрыяць дэмакратычным працэсам у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG