Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – "гэта людзі з той пароды, якія падтрымлівалі рэпрэсіі ў 1937"


Алесь Дашчынскі, Менск Палітыкі камэнтуюць прынятыя Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні папраўкі да крымінальнага заканадаўства, якія прадугледжваюць узмацненьне адказнасьці за дзеяньні, “накіраваныя супраць чалавека і грамадзкай бясьпекі”.

Прапануецца ўнесьці артыкул “незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці”. Праектам прадугледжваецца адказнасьць за заклік да замежнай краіны ці замежнай арганізацыі ўчыніць дзейнасьць супраць Беларусі, напрыклад, для гвалтоўнага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы ці да ўвядзеньня эканамічнай блякады. Мяркуецца таксама ўнесьці новы артыкул – аб дыскрэдытацыі Беларусі.

Паводле былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, пасьля прыняцьця гэтых паправак старшыні КДБ Беларусі проста будзе лягчэй працаваць.

(Шушкевіч: ) “Паліцэйская дзяржава займаецца самааховай. Гэта можа быць толькі пад патранатам Расеі, што і мае месца. Хочуць узаконіць дыктатуру і каб ніхто ня мог сказаць, што гэта дыктатура, што гэта беззаконьне. Які ў нас парлямэнт? Гэта людзі, якія прызначаны для таго, каб ахоўваць прэзыдэнта. Калі слабадасьведчаны чалавек хоча панаваць, то ён зьбірае слабадасьведчаную хеўру, якая яму дапамагае ў гэтым. Гэта людзі з той пароды, якія падтрымлівалі рэпрэсіі 1937 году. Гэта якраз нашчадкі тых людзей”.

Паводле намесьніка старшыні АГП Аляксандра Дабравольскага, калі б Аляксандар Лукашэнка быў упэўнены, што выйграе выбары, то не было б патрэбы ў падобных заканадаўчых зьменах.

(Дабравольскі: ) “Усё гэта накіравана на тое, каб палітычныя апанэнты мелі меней магчымасьцяў штосьці рабіць. Гэта накіравана на тых людзей, якія ня згодныя з Лукашэнкам. Лукашэнка проста адчувае, што не хапае ў яго падтрымкі, і ён баіцца страціць сваю ўладу. Калі грамадзтва ня мае кантролю за ўладай, то ўлада пачынае загніваць”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету, актывіст сацыял-дэмакратычнага руху Мечыслаў Грыб адзначае, што падобнага яшчэ ніколі ў Беларусі не было.

(Грыб: ) “Гэта ўсё гаворыць аб тым, што ідзе вялікая зачыстка палітычнага поля перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў 2006 годзе. Каб ніхто, нідзе, нічога ня мог сказаць, каб ніхто, нідзе, нікога ня мог ні аб чым папрасіць, таму што гэта разглядаецца як крымінальнае злачынства і за гэта людзі будуць прыцягвацца да адказнасьці”.

Вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначае, што сыстэма ў Беларусі разьвіваецца сваім лягічным шляхам, такое ўжо мелася ў краінах з дыктатарскім рэжымам. Прапанаваныя папраўкі нагадваюць рэпрэсіўныя артыкулы савецкіх часоў.

(Бяляцкі: ) “Гэты артыкул, фактычна, завязвае рот усім крытыкам. Калі гэтыя праўкі ўсё ж будуць унесеныя ў крымінальнае заканадаўства, то рэпрэсіі супраць беларускіх грамадзкіх актывістаў, палітычных актывістаў рэзка ўзмацняцца. Мне асабіста будзе вельмі цікавай рэакцыя міжнароднай супольнасьці, бо, фактычна, унясеньне гэтых правак у беларускае крымінальнае заканадаўства адназначна ўжо пазбаўляе ўсялякіх ілюзіяў што да трансфармацыі рэжыму Лукашэнкі”.

Гл. таксама • За "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь" можна будзе атрымаць 2 гады

Крымінальны кодэкс РСФСР

Спэцыяльная частка. Контррэвалюцыйныя злачынствы

Артыкул 58-3. "Стасункі ў контррэвалюцыйных мэтах з замежнай дзяржавай або яго прадстаўнікамі, а таксама спрыяньне якім-кольвек спосабам замежнай дзяржаве, якое знаходзіцца з СССР у стане вайны або вядзе зь ім барацьбу шляхам інтэрвэнцыі або блякады, цягне за сабой адказнасьць як і па пункце 58-2 (расстрэл).

Артыкул 58-4. "Аказаньне якім-небудзь спосабам дапамогі той частцы міжнароднай буржуазіі, якая, не прызнаючы камуністычнай сыстэмы, імкнецца да яе зьвяржэньня, а таксама грамадзкім групам, якія знаходзяцца пад уплывам альбо непасрэдным кантролем гэтай буржуазіі, цягне за сабой адказнасьць – пазбаўленьне свабоды ня менш як на тры гады з канфіскацыяй маёмасьці, пры ўскладняючых абставінах, з павышэньнем – аж да вышэйшай меры (расстрэлу).

Артыкул 58-10. Прапаганда або агітацыя, якая ўтрымлівае заклік да зьвяржэньня, падрыву або аслабленьню Савецкай улады або да ўчыненьня контррэвалюцыйных злачынстваў, а таксама пашырэньне і друк літаратуры такога зьместу цягнуць за сабой адказнасьць – пазбаўленьне волі ня менш як на шэсьць месяцаў.

Тыя самыя дзеяньні пры масавых хваляваньнях альбо ў ваеннай абстаноўцы цягнуць за сабой адказнасьць па пункце 58-2 (расстрэл).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG