Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве рассакрэчаная мапа ядзернага ўдару па Заходняй Эўропе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У архіўных дакумэнтах Варшаўскай дамовы, якія гэтымі днямі рассакрэціла міністэрства абароны Польшчы, знойдзеная мапа з плянам ядзернага ўдару па Заходняй Эўропе.

На мапе, зробленай у 1979 годзе, прадстаўлены напад на краіны Заходняй Эўропы з выкарыстаньнем ядзернай зброі – пазначана, на якія гарады і якой моцы бомба будзе скінутая.

Паводле Леона Керэса – кіраўніка Інстытуту нацыянальнай памяці – арганізацыі, якая атрымае ўсе рассакрэчаныя дакумэнты Варшаўскай дамовы, з гэтай мапы вынікае, што савецкае камандаваньне ставілася да Польшчы, як да пешкі ў ваеннай гульні.

Прыкладам, разьлічвалася, што ў выпадку канфлікту, ад ядзернай зброі пацерпяць 43 польскія гарады, дзе загіне прынамсі 2 мільёны чалавек.

Міністар абароны Польшчы Радаслаў Сікорскі з гэтай нагоды заявіў, што польскі народ мае права ведаць сваю гісторыю:

(Сікорскі: ) “Частка гэтых дакумэнтаў маюць грыф “сакрэтна”, але мы зробім так, каб да іх мелі доступ навукоўцы”.

Паводле ягоных словаў, архівы Варшаўскай дамовы налічваюць 1700 архіўных адзінак, сярод якіх сакрэтны статут Варшаўскай дамовы, пратаколы сустрэчаў кіраўніцтва пакту і дакумэнты ў справе ўварваньня ў 1968 годзе ў Чэхаславаччыну.

Гісторыкі разьлічваюць таксама на дакумэнты ў справе ўвядзеньня ў Польшчы ваеннага становішча.

(Кавальскі: ) “Я мяркую, што цяпер аднойчы і назаўсёды генэрал Войцех Ярузэльскі перастане апраўдваць увядзеньне ваеннага становішча ў Польшчы тым, што нам пагражала інтэрвэнцыя савецкага войска”.

Варшаўскі блёк спыніў сваё існаваньне ў сярэдзіне 1991 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG