Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З жанчынаў болей зьдзекуюцца блізкія партнэры, а не незнаёмцы


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 25 лістапада – Міжнародны дзень абароны жанчын ад гвалту. Гэтая дата была абвешчаная Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў у 1999 годзе. Тым самым ААН заклікала ўрады, міжнародныя арганізацыі і няўрадавыя аб’яднаньні ладзіць у гэты дзень акцыі, каб зьвярнуць увагу грамадзтва на разуменьне праблемы.

Ва ўсім сьвеце жанчыны штодня ў сваім сямейным жыцьці сутыкаюцца са зьбіваньнем і зьнявагамі. Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Amnesty International Сара Робэртс у інтэрвію Радыё Свабода сказала:

(Робэртс: ) “Дасьледаваньне, якое мы правялі, паказала, што гвалт супраць жанчын існуе ва ўсіх краінах па ўсім сьвеце. І гэта – вельмі банальнае злоўжываньне правамі чалавека ва ўсіх грамадзтвах”.

Так, у Францыі ў выніку сямейнага гвалту кожныя чатыры дні гіне адна жанчына. Францускія дасьледаваньні засьведчылі таксама, што ў 2003 і 2004 гадох 164 жанчыны і 47 мужчын былі забітыя ў сямейных інцыдэнтах. Усе жанчыны, за выключэньнем адной, былі забітыя мужчынам. І ўсе мужчыны, акрамя аднаго, былі забітыя жанчынамі.

Паводле сёлетняй справаздачы Міжнароднай арганізацыі аховы здароўя, з жанчынаў болей зьдзекуюцца іхныя блізкія партнэры, а не незнаёмцы. Гэтая выснова зробленая паводле апытаньняў болей як 24 тысяч жанчын у 10 краінах – Бангладэшы, Бразыліі, Этыёпіі, Японіі, Намібіі, Пэру, Выспах Самоа, Сэрбіі і Чарнагорыі, Тайляндзе, Танзаніі.

Асабліва дрэнная сытуацыя ў азіяцкіх і афрыканскіх краінах. Так, кітайскія праваабаронцы заяўляюць, што гвалт у сям’і вельмі пашыраны ў гэтай краіне. Вось што распавяла агенцтву Рэйтэр пра свае сямейныя пакуты адна з кітайскіх жанчын.

(Кітайская жанчына: ) “Калі я разводзілася са сваім мужам, ён мяне моцна біў. Я ўся ў сіняках. А яшчэ ў мяне паламаныя косьці. І гэтыя раны афіцыйна засьведчаныя мэдычным экспэртам. Можа, я і выглядаю здаровай, але на самой справе ў мяне шмат праблем са здароўем.”

Сацыёлягі цьвердзяць, што кітайскія жанчыны становяцца ахвярамі сямейнага гвалту з прычыны беспрэцэдэнтнага сацыяльнага перавароту, выкліканага моцным эканамічным ростам. Жанчыны сутыкнуліся з жорсткім спаборніцтвам у пошуку працы. Экспэрты пагаджаюцца, што гвалт у кітайскай сям’і стаў такой жа звычайнай зьявай, як і рашучыя крокі краіны да рынкавай эканомікі. Аднак, рэальную сытуацыю цяжка ацаніць, бо традыцыйная кітайская сям’я хавае ад чужых вачэй свае ўнутраныя праблемы.
XS
SM
MD
LG