Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьнікаў выклікаюць да дырэктараў за ўдзел у акцыі "запалі сьвечку"


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск У Сьветлагорску ўлады аказваюць уціск на навучэнцаў, што бралі ўдзел у акцыі салідарнасьці “Запалі сьвечку” на Цэнтральным пляцы гораду, перад будынкамі райвыканкаму і міліцыі.

Як стала вядома, пасьля акцыі салідарнасьці “Запалі сьвечку” раённыя ўлады правялі на базе школы-інтэрнату нараду з кіраўнікоў навучальных установаў. І вось цяпер кіраўнікі, у прыватнасьці, мясцовага тэхнікуму, сярэдніх школаў №4, 9, 10 ціснуць на вучнёўскую моладзь, выклікаючы да сябе на перавыхаваньне. Распавядае навучэнка гарадзкой сярэдняй школы №10. Да дырэктаркі Людмілы Драпезы яе выклікала клясная кіраўніца:

(Навучэнка: ) “Я прыйшла, мяне ніхто не пытаў, ці была я там, на пляцы, ці не была. Як я зразумела, яны ўжо ўсё ведалі. Проста пачалі на мяне крычаць. Пачалі гаварыць, што мы — адна школа, адзін мэханізм. Мы павінны думаць аднолькава, і ніякіх іншых альгарытмаў у галаве не павінна зьяўляцца. Дырэктарка крычала на мяне: шукай свабоды ў іншым месцы, у маёй школе ты ня знойдзеш ніякай свабоды. Я ёй казала, што школа тут ні пры чым”.

Учора да дырэктаркі вылікалі і маці вучаніцы-дзесяціклясьніцы:

(Маці: ) “Мяне выклікала дырэктарка і кажа: ваша дачка — гэта брак, няправільна ідэалягічна падкаваная. Так проста і заяўляе: трэба думаць так, як кажа прэзыдэнт, я прашу — забярыце дакумэнты. Усё! Я з вамі ня хочу размаўляць. Мне шкада і вас, і дачку вашу, а больш за ўсё сябе шкада, бо гэта — пляма на маю школу. У такім вось тоне”.

Дырэктарка школы №10 Людміла Драпеза прычыну выкліку да сябе дзесяціклясьніцы патлумачыла так:

(Драпеза: ) “Мне было цікава. Дзяўчына, я чула, паліла сьвечкі на пляцы. Вось я яе і выклікала: чаму ты паліла?”

Кіраўніца школы адмаўляе, што былі пагрозы на адрас дзесяціклясьніцы. Яна кажа, што проста прапанавала маці вярнуць дачку ў гімназію:

(Драпеза: ) “Я прапанавала ёй працягваць навучаньне ва ўстанове асобага кшталту — гімназіі. Яна там вучылася дзевяць гадоў, і было б лягічна, каб яна закончыла гімназію. Гэта была мая прапанова. У яе вельмі добрыя посьпехі ў навучальных дысцыплінах. Я нават баюся, што мы ня зможам на належным узроўні забясьпечыць ёй у звычайнай агульнаадукацыйнай школе падтрымку”.

Зьнешнія спасылкі: • www.solidarity16.org/bel
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG