Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы турыстычны маршрут па прэзыдэнцкіх мясьцінах


Ігар Карней, Менск Турыстычнае прадпрыемства “Магілёўаблтурыст” падхапіла досьвед аршанскіх турфірмаў, якія ня так даўно прапанавалі маршрут Ворша—Копысь—Александрыя — мясьціны, наўпрост зьвязаныя з навучальнай і працоўнай біяграфіяй Лукашэнкі. Праўда, адрозна ад аршанцаў, якія ацанілі аднадзённы тур на 20 даляраў, магілёўская фірма просіць за падарожжа ўсяго 4 тысячы рублёў без уліку транспартных выдаткаў.

Маршрут па прэзыдэнцкіх мясьцінах прапануе дзяржаўнае прадпрыемства “Магілёўаблтурыст”. Першы прыпынак — Шклоў. Напярэдадні рэспубліканскіх “Дажынак” гэты райцэнтар быў амаль цалкам перабудаваны і адрэстаўраваны і стаў узорным горадам. Тут колісь Лукашэнка быў лектарам райкаму партыі і часта сюды наведваўся падчас працы дырэктарам саўгасу “Гарадзец”. Потым экскурсантаў адвязуць у гэткі ж паказальны пасёлак Копысь, дзе Лукашэнка вучыўся і пазнаёміўся з будучай жонкай, Галінай Радыёнаўнай. Нарэшце, фінальным пунктам пазначаная вёска Александрыя, якая толькі рыхтуецца да глябальных перабудоваў, паколькі тут на рашэньне прэзыдэнта будзе створаны аграгарадок. У “Магілёўаблтурысьце” запэўніваюць, што паездка будзе запамінальнай.

(Супрацоўніца турагенцтва: ) “Так, усё магчыма. Адвязём вас у музэй у Шклоўскай ратушы. Там, дзе прэзыдэнт вучыўся, пакажам. Працуем мы канкрэтна пад замову, залежна ад колькасьці людзей. Нам трэба ведаць, што замаўляць — аўтобус, мікрааўтобус. Але з нашага боку мы забясьпечым вас эксурсаводам, зробім, каб вам было зручна і камфортна. Толькі вы загадзя замаўляйце, каб мы маглі ўсё гэта ўзгадніць”.

Як паведамілі ў агенцтве, кошт аднадзённага падарожжа па прэзыдэнцкіх мясьцінах з Магілёва складае ўсяго 4 тысячы рублёў. Яшчэ некалькі тысяч трэба заплянаваць на транспартныя выдаткі. Дадаткова трэба аплаціць забаўляльную праграму, якую падрыхтуе “Магілёўаблтурыст”.

(Супрацоўніца турагенцтва: ) “Увогуле, там вельмі прыгожа, там сама па сабе прырода цудоўная. Ну, і магчымасьць прыемнага адпачынку — я маю на ўвазе, што мы будзем мець справу з дарослымі, а ня зь дзецьмі. Магчымасьць прыемнага адпачынку, натуральна ж, прадаставім. Зарад бадзёрасьці можна атрымаць у культурна-забаўляльным цэнтры “Нежынскі роў”. Таксама можна наведаць замак, потым — барбэкю. Адным словам, гэта ўсё трэба бачыць”.

Мы ўжо расказвалі, што нядаўна турагенцтвы Воршы выйшлі з прапановамі індывідуальных ды групавых тураў па прэзыдэнцкіх мясьцінах — з заездам у Копысь, Александрыю, Рыжкавічы і Ляўкі, дзе ў мэмарыяльным музэі Янкі Купалы Лукашэнка сам бываў у якасьці турыста. Аднак вельмі хутка аршанскі прыклад падхапілі і дзяржаўныя арганізацыі. Праўда, месца, якое б магло ці не найбольш зацікавіць экскурсантаў, ні ў аршанскім, ні ў магілёўскім маршрутах не пазначана — гэта адна з турмаў Воршы, дзе Аляксандар Лукашэнка працаваў у адміністрацыйна-гаспадарчым падразьдзяленьні.

Калі беларускія фірмы пачалі зарабляць на турах па прэзыдэнцкіх мясьцінах толькі празь дзесяць гадоў пасьля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, то ў суседняй Украіне наведаць малую радзіму Віктара Юшчанкі стала рэальна ўжо на першым годзе ягонай працы. Тур у вёску Харужыўка каштуе 200 грыўняў, ці блізу 40 даляраў. А ў Санкт-Пецярбургу прадпрымальныя турагенты за 10 даляраў правядуць маршрутамі, якімі адразу ў школу, а потым — у адпаведныя органы хадзіў на працу расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін.

На здымку: узорная плошча прэзыдэнцкай Копысі (фота аўтара).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG